Нараджэнне Езуса Хрыста


 ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЯ
Трэцяя радасная таямніца
 НАРАДЖЭННЕ ЕЗУСА ХРЫСТА

   Дазволь сёння Найсвяцейшай Маці прамаўляць да Твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе Сваё слова. Адкрый сваё сэрца на Яе прысутнасць побач з табой. Супакойся, глыбока сканцэнтруйся, паспрабуй адчуць вакол сябе звышнатуральную атмасферу. Няхай словы гэтага разважання стануць тваімі словамі, тады ты пачуеш голас Марыі, які прамаўляе асабіста да цябе.

   Езус сказаў: “Вы павінны нарадзіцца наноў”… Так, Марыя, гэтыя слова скіраваныя таксама да мяне. Я павінен нарадзіцца наноў. Я павінен стаць як дзіцём; дзяцям – казаў Твой Сын – належыць Божае валадарства. Дапамажы мне сёння, Марыя, паглынуцца ў таямніцу нараджэння Божага Сына, каб у гэтай таямніцы я знайшоў праўду пра свой асабісты ўлях збаўлення. А калі я не змагу сканцэнтравацца, калі не ўмею разважаць, тады тым больш няхай мяне вядзе Тваё святло. Бо Ты абяцала праводзіць нашыя першасуботнія разважанні.

   Народзіны – гэта таямніца жыцця. Аднак, гэтае жыццё зусім не азначае самастойнасць. Першыя гады яно цалкам залежыць ад маці. Патрабуе маці. Калі я павінен нарадзіцца нанаў, Бог дае мне найлепшую Маці для маёй душы, Маці, якая можа прывесці мяне да святасці. Ты, о Марыя, з’яўляешся маёй Маці. Нават тады, калі я не памятаю пра Цябе, калі ад Цябе ўцякаю, калі не клапачуся пра Тваё добрае імя, а падчас маіх малітваў да Цябе я займаюся толькі самім сабой. А можа нават часамі прыношу Табе боль…

   Ведаю, што праз акт поўнага прысвячэння Табе, я станаўлюся Тваім дзіцём, дзіцём у Тваіх святых далонях. Тады гэта Ты нясеш мяне праз жыццё. З вышыні Тваіх матчыных рук свет выглядае самым небяспечным: цемра застаецца цемрай, спакуса застаецца спакусай, зло – злом… Але я ўжо не баюся, бо я ў бяспецы. Ты са мной. Як Маці Ты адказваеш за маё жыццё. Як Маці Ты мяне любіш больш, чым сам сябе. Як Божая Маці Ты бачыш ува мне адлюстраванне Езуса, а ў маім сэрцы ўмееш убачыць, уратаваць і распаліць Божае полымя святасці.

   Марыя! Я хачу паверыць у Тваю любоў, у Тваю гатоўнасць служыць дзіцяці, у Тваё прысвячэнне для мне, калі я прысвячаю сябе Табе. Гэта павінен быць мой першы крок. У Фаціме Ты казала, што Твой Сын хоча, каб Ты была больш вядомая і каханая. Так, я павінен больш Цябе пазнаць, павінен больш Цябе палюбіць. Тады Ты станеш для мяне такой блізкай, што я змагу аддаць сябе Табе з усім, што маю. Тады з радасцю я змагу быць “увесь Твой”.

   Абарані мяне ад павярхоўнага прыняцця рашэння прысвяціць сябе Табе і прамаўлення акту пасвячэння без належнай падрыхтоўкі. Народзіны – гэта адна радасная хвіліна. Прыход на свет дзіцяці патрабуе высілкаў не толькі маці, але і самога дзіцяці. Калі я распачну падрыхтоўку, дапамагай мне, Марыя! Калі я малюся, ачышчай маю малітву. Калі цярплю, дапамагай мне забываць пра сябе. Калі я кленчу ля канфесіяналу, абудзі ўва мне сапраўдны жаль і прагненне святасці, якое ніколі няхай ува мне не згасае. Калі я прыступаю да стала Пана, дапамажы мне ўбачыць вачыма веры гэту найвялікшую таямніцу, да якой Бог дазваляе мне дакрануцца ў гэтым жыцці. А калі я раблю пастановы, няхай яны, дзякуючы Тваёй ласцы, будуць мудрыя і моцныя як скала.

   Потым настане дзень народзінаў – вялікае Свята для Цябе і для мяне - хвіліна, калі я буду ў Тваіх руках: голы, бездапаможны, цалкам залежны ад Цябе. Як Езус у Бэтлееме. Дапамажы мне ў гэту хвіліну прамовіць акт майго прысвячэння Табе усім сэрцам, усёй душой, усёй моцай, каб менавіта так я Цябе любіў, так пашыраў Тваю хвалу і так Табе служыў.

   Народзіны – гэта пачатак дарогі ў Тваіх руках. Потым кожны дзень я павінен вучыцца быць залежным ад Цябе. Гэта не будзе лёгка, таму я прашу: будзь Маці – добрай, чулай і вернай. Ты скажаш мне, што калі я забяру назад сваю вольнасць, Ты не зможаш мяне затрымаць… Што ж тады мне рабіць, каб абараніцца ад асабістай вольнасці? Ты нагадваеш мне, што людзі, якія Табе служылі да мяне, знайшлі найпрасцейшае рашэнне. Якое? Штодзённае аднаўленне акту прысвячэння Табе. Гэта пячатка вернасці. У будучыні я ўбачу, што вытрываў у прысвячэнні Табе дзякуючы Тваім намаганням, а не сваім заслугам. Я ўбачу, што Ты магла мяне несці праз усё жыццё дзякуючы гэтым некалькім простым словам, якія я паўтараў прынамсі адзін раз кожны дзень свайго новага жыцця.

   Маё дзяцінства ў Тваіх руках будзе выглядаць інакш, чым у іншых Тваіх слугаў. Кожны з нас іншы і служэнне кожнага з нас будзе іншым. Ты сама даеш нам заданні, якія павінны наблізіць гадзіну перамогі Твайго Беззаганнага Сэрца. Калі Ты напоўніш мяне сваёй ласкай, падчас падрыхтоўкі да прысвячэння Табе я напішу свой асабісты акт, створаны маім сэрцам злучаным з Тваім Сэрцам. Гэты акт я буду несці праз усё жыццё. Ён прывядзе мяне да служэння Табе на зямлі, а потым да найцудоўнейшага служэння: упрыгожвання Твайго трону ў небе.

 Я заўсёды застануся Тваім дзіцём, Марыя!

  Скончылася тваё марыйнае разважанне. Яшчэ хвілінку затрымайся на малітве… Каб задаць сабе пытанне: што падчас гэтай сустрэчы было для цябе найважнейшым? Найсвяцейшая Маці скіравала да цябе сваё слова, падкрэсліла нябесным жэстам канкрэтную тэму, тваю тэму. Ці ты заўважыў Яе? Калі так, падзякуй Марыі. Яна размаўляла з Табой. Ты сустрэў Яе сёння на дарозе свайго жыцця. 


Радасныя таямніцы

Звеставанне

   Марыя атрымала ад Бога ласку, прызначаную Ёй  і неабходную для выканання Яе паклікання. Ці ведаеш ты, што і ў цябе ёсць сваё ўласнае непаўторнае пакліканне, якім пазначыў цябе Бог? Гэтае пакліканне павінна быць узмоцена ласкай, якую вызначыў табе Пан. Калі ты прымеш яе і захаваеш, выканаеш тады сваю ролю ў свеце і станеш святым!

   Застаецца толькі адно пытанне: “ці ты ўмееш, як Марыя, сказаць Богу сваё “так”? Не ведаючы да канца свайго паклікання, не разумеючы, чаго хоча ад цябе Неба? Ці ты гатовы сказаць Богу: “Вось я слуга Твой, няхай мне станецца, як Ты хочаш, не так, як я запланаваў. Вось я слуга Твой, а слуга не павінен усяго разумець. Я павінен быць паслухмяным. І я паслухмяны!”


Наведванне Святой Альжбеты

    Альжбета на парозе свайго дому славіць Марыю: “Блаславёная тая, што паверыла ў тое, што выканаюцца словы, сказаныя Табе Панам”. Такое самае блаславенства павінна стаць удзелам кожнага з нас. Бо кожны з нас павінен паверыць Богу. Кожны з нас павінен зрабіць веру першай у сваім жыцці.

   Няважна, ці тое, чаго хоча Бог, па-людзку магчымае ці не магчымае. Верым, што ў Яго няма нічога немагчымага, аддаць мала і бязмежна шмат - дзеля Яго гэта адно і тое ж. Таму трэба верыць верай Марыі, а Бог зможа паслугоўвацца намі ў справе збаўлення свету.


Нараджэнне Езуса Хрыста

   Марыя паверыла слову Бога. Згадзілася на ўсё, чаго пажадаў Бог. Згадзілася на беднасць, службу, холад, выгнанне і пераследванне. Згадзілася на тое, што Яе жыццё не будзе поспехам, перамогай, бліскучай кар’ерай. Гэта ўсё няважна; лічыцца толькі тое, што трэба выканаць волю Бога, каб Пан быў Ёй задаволены.

   Нарадзіла Божага Сына, а той адразу паказаў Ёй, якім ёсць прызначэнне тых, каго палюбіў Бог і захацеў зрабіць падобнымі да Сябе. Падараваў Ёй пакору, апошняе месца, шэрасць і цярпенне. А Марыя дзякавала за гэтыя дары – самыя каштоўныя, бо яны каштоўныя ў вачах Пана.

   Няхай кожны з нас вучыцца гэтаму…


Ахвяраванне Езуса ў святыні

   Марыя чуе: “Вось той, што прызначаны на ўпадак і паўстанне шматлікіх людзей у Ізраілі, і на знак, якому будуць супраціўляцца. А Тваю душу пройдзе меч…”. Так, гэта тое, што ў вачах свету малое і нязначнае, а перад Богам аказваецца бясконцым скарбам. Малое, добра прыбранае немаўля, хавае ў сваім сэрцы прызначэнне, якое не снілася нават каралям! А маці ўбогага Езуса будзе запрошаная да ўдзелу ў найвялікшай справе Бога ў свеце – адкуплення чалавецтва.

   Ці ведаеш ты, што ў гэтай сцэне ёсць таксама месца для цябе? Наколькі ты з’яднаны з Езусам і як Ён “ціхі і пакорны сэрцам”, настолькі і тваім удзелам становіцца запрашэнне да прыняцця рашэнняў у тым, што найважнейшае ў гісторыі свету: ты будзеш разам з Езусам пісаць гісторыю шматлікіх, шматлікіх людзей…


Езуса знаходзяць у святыні

   Калі пасля таго, як Езуса знайшлі ў святыні, на пытанне Маці: “Чаму ты нам зрабіў гэта?”, Езус адказаў: “Ці вы не ведалі, што я павінен быць у тым, што належыць Айцу майму?”, Евангеліст дадае: “Яны, аднак, не зразумелі таго, што ён ім сказаў”. Аказваецца, што “толькі Айцец ведае Сына”. Нават тая, якой найбольш поўна была аб’яўлена таямніца Яе Сына, з гэтай таямніцай можа быць толькі дзякуючы веры. Нават Марыя не разумее планаў Божых. Але Яна згаджаецца ўдзельнічаць у іх і зрабіць усё, што Бог запланаваў для Яе. Таму не пытаецца ні пра што. Верыць. Паслухмяная Богу, не разумеючы.

   Так і мы, не можам адказаць на большасць пытанняў, звязаных з нашай верай. Не павінны. Марыя таксама не была павінна. Мы павінны верыць. І далей жыць паводле таго, што запланаваў для нас Бог.


Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!