НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ
Дазволь, каб Найсвяцейшая Маці заспявала ў тваім сэрцы свой радасны Магніфікат. Калі ў першую суботу ты далучаеш да штодзённага ружанца пятнаццаціхвілёвае разважанне над таямніцамі твайго збаўлення, цябе кранаецца незвычайная ласка. Марыя абяцала, што дазволіць табе сёння ўдзельнічаць у сваім асабістым разважанні! Таму адкрый сваё сэрца на Яе натхненні і дазволь, каб Яна праводзіла цябе шляхамі Божых промыслаў. Няхай словы гэтай медытацыі стануць тваімі асабістымі словамі, тады зможаш пачуць голас Марыі, які прамаўляе да цябе асабіста.
Са здзіўленнем я
ўглядаюся ў тое, як Ты спяшаешся, Марыя. Яшчэ хвіліну таму Ты трывала ў коле
сваіх штодзённых заняткаў, паспяхова хавалася ў ананімнасці шэрых дзён. Не
мінула шмат часу з хвіліны, калі нікому не вядомая тут на зямлі, Ты ў духу
прабывала на Божых вышынях. Свет не цаніў Цябе, але неба схілялася нізка над
Табою, зачараванае Тваёй пакорай, Тваёй адданасцю служэнню Богу ў людзях і
Тваёй любоўю, якая выражаецца ў тым, што Ты найменшая з найменшых: у штодзённай
працы, за якую ніхто не плаціць, толькі неба.
Хвіліну таму я
вучыўся ў Цябе жыццю, укрытаму ад свету. Мне здавалася, што трэба закрыцца ў
цвярдыні малітвы і кантэмпляцыі. Я адвярнуўся плячыма да свету… Думаў, што магу
ім пагарджаць, калі ён з’яўляецца такім недасканалым і грэшным.
Дзякую, што Ты
вучыш мяне малітве, падчас якой трэба слухаць голас Бога і адказваць Яму сваё
“так”. Аднак, я ўжо бачу, што хрысціянства не закрываецца ў сферы духоўнага
жыцця. Праўда, таямніца Звеставання – гэта аснова ўсёй гісторыі збаўлення, але
адначасова і яе пачатак…
У другой
таямніцы ружанца Ты выбягаеш са свайго ціхага жыцця ў свет. Выходзіш з ценю.
Больш таго, робіш гэта паспешліва. Чаму?
Ты ўсміхаешся да
мяне, Марыя, як да дзіцяці, якое задае дарослыя пытанні, не ведаючы адказу. Бо
той, каго не кранулася ласка, якая прынесла плён такой вялікай радасці, што яна
не змясцілася ані ў душы, ані ў духу, і трэба было яе выразіць целам, той не
разумее, чаму Ты пабегла праз горы да сваёй сваячкі Альжбеты. Цябе акрыляла
радасць. Ты зразумела, што выканалася усё, аб чым марылі ўсе пакаленні! Ты
павінна была занесці гэта іншым.
Толькі… гаворка
тут ідзе пра вялікую ласку. Найсвяцейшая Маці, дапамажы мне зразумець, што
кожная ласка, якой адорвае Бог з’яўляецца вялікай, вельмі вялікай! Я магу
гэтага не заўважаць, бо маё сэрца можа быць такім малым, што прыме Божую ласку
не згодна з вялікай мерай дару неба, але са сваёй ўласнай, малой мерай.
Навучы мяне,
Марыя, прымаць ласкі так, як Ты. Няхай маё сэрца спявае ад радасці, што Бог
схіляецца нада мной!
Ты атрымала
ласку і з удзячнасцю думала пра Бога, а не пра Сябе. Не думала аб сваёй ролі.
Ты думала аб тым, што надышоў час, што Бог прыходзіць на свет, што сярод нас
адбываюцца цуды над цудамі! Ты прагнула дзяліцца гэтай радасцю! Пабегла на
адрас, які Табе ўказаў сам Госпад Бог, да Альжбеты, якая ў сабе таксама насіла
радасць.
Той, хто не
спазнаў гэтай радасці, не зразумее Цябе ў таямніцы Наведвання.
Таму, прашу, дай
мне, Марыя, спазнаць яе смак. Бо толькі тады ўва мне будзе моц пераканаць
няверучых, абыякавых, халодных, згасаючых, і нават злых і закаранёных у граху,
тых, якія ненавідзяць дабро. Радасць разбурае муры сэрцаў. Ніхто і нішто не
пераможа яе сведчанне.
Дапамажы мне,
Найсвяцейшая Маці, каб я ніколі не быў смутным апосталам. Бо такі апостал не
з’яўляецца сведкам дзеяння ласкі сярод людзей.
Другая прычына
Твайго выхаду з укрытасці звязана з Тваёй здольнасцю распазнаваць знакі часу.
Анёл сказаў Табе: “І вось сваячка твая, Альжбета…”, і Ты зразумела, што гэта не
толькі паведамленне, а перш за ўсё заданне. Бо для Цябе ніводная навіна не была
толькі інфармацыяй аб нейкай падзеі. Ты ведала, што калі атрымліваеш якую-небудзь
навіну – гэта знак, што той, пра каго ўзгадваюць, павінен штосьці атрымаць ад
Цябе. Што? Часам уздыханне да неба, часам гарачую малітву, часам складаную
ахвяру, часам уважлівую прысутнасць. Гэта патрабавала ад Цябе падвойнай
уражлівасці: спачатку убачыць, што навіна – гэта заўсёды пэўны заклік да служэння,
потым здольнасць распазнаць, што Ты павінна зрабіць. Ты гэта заўсёды ведала –
увесь ружанец кажа пра гэта!
Вучы мяне
гэтаму, Марыя! Навучы мяне быць уражлівым на знакі часу, якія ставіць перада
мной неба. Зрабі мяне апосталам Божага
Валадарства па Тваім прыкладзе.
Радасныя таямніцы
Звеставанне
“Дух Святы сыйдзе на Цябе і моц Найвышэйшага
ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым… Тады Марыя
сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,
35-38).
А як у маім
жыцці?
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне стаць у праўдзе і ўбачыць, як выглядае мая пазіцыя ў
адносінах да Бога і Яго намераў.
Насвяцейшая
Маці, дапамажы мне разважаць над Тваёй гатоўнасцю выконваць Божую волю, нават
тую, якая крыжуе асабістыя планы, пагражае быць пакінутым усімі людзьмі, і
цягне за сабой тысячы цяжкасцяў.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы, каб мая марыйная пабожнасць прыносіла плёны наследвання Цябе ў
маёй штодзённасці.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне адказваць “так” на Божыя рашэнні.
Наведванне
святой Альжбеты
“Сабраўшыся, Марыя паспяшыла ў горную
краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі,
узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І
ўсклікнула моцным голасам, і сказала: “Блаславёная Ты між жанчынамі і блаславёны
плод улоння Твайго! (…) Тады сказала Марыя: “Велічае душа мая Пана” (Лк 1,
39-46).
Марыя, дапамажы
мне разважаць над Твёй гатоўнасцю несці людзям Хрыста і апавядаць усім пра
вялікія Божыя справы.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы, каб мая марыйная пабожнасць прыносіла плёны наследвання Цябе ў
штодзённым жыцці. Няхай маё жыццё будзе падобным да Твайго жыцця.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне ўбачыць, як шмат было ў Табе асабістага досведу блізкасці і
любові Бога.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне быць сведкам Хрыста ў сучасным свеце.
Нараджэнне Езуса Хрыста
“Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць
(…): нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І
вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 10-13).
Маці Божая,
дапамажы мне ў захапленні разважаць над цудам нараджэння Бога ў Бэтлееме, Яго
выбарам убогасці і прыняццем пашаны ад пастушкоў, людзей, якіх лічылі ніжэйшай
катэгорыяй грамадства.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне зразумець веліч любові Хрыста, што гатовая дзяліць з намі
чалавечы лёс, поўны цярпення і працы.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне, каб мая марыйная пабожнасць прыносіла плён наследвання Цябе
ў маёй штодзённасці.
Найсвяцейшая
Маці, навучы мяне наследаваць Бога ў Яго Уцелаўленні і выбіраць сціпласць,
убогасць і служэнне.
Ахвяраванне
Езуса ў святыні
“Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону
Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам (…)
Ён [Сімяон] узяў Яго на рукі, блаславіў Бога і сказаў: “(…) Вось
гэты прызначаны на падзенне і паўстанне многіх у Ізраэлі, і на знак, якому
супраціўляцца будуць. І праз Тваю душу пройдзе меч…” (Лк 2, 22-35).
Насвяцейшая
Маці, дапамажы мне разважаць над Тваёй гатоўнасцю выконваць усе прадпісанні
Права. Дапамажы мне разважаць над прадказаннем Сімяона аб цярпеннях Езуса і
Марыі.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне, каб мая марыйная пабожнасць прыносіла плён наследавання
Цябе ў маёй штодзённасці.
Найсвяцейшая
Маці, навучы мне быць заўсёды паслухмянай Касцёлу, з запалам выконваць свае
рэлігійныя абавязкі і не ўцякаць ад таго, што цяжкае.
Езуса
знаходзяць у святыні
“Праз тры дні знайшлі Яго [Езуса] ў святыні…
Бачучы гэта яны вельмі здзівіліся, і Яго Маці сказала Яму: “Сыне, чаму нам
учыніў гэта…?” Аднак Ён адказаў ім: “Чаму вы мяне шукалі? Ці ж не ведаеце, што
я павінен быць у справах майго Айца?” (пар. Лк. 2, 46-49).
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне разважаць над Тваёю гатоўнасцю любым коштам знайсці
згубленага Езуса. Дазволь зразумець глыбокі сэнс слоў Збаўцы, які паказвае нам
сваё Боскае паходжанне.
Найсвяцейшая
Маці, дапамажы мне, каб мая марыйная пабожнасць прыносіла плёны наследавання
Цябе ў маёй штодзённасці. Удзялі мне ласку, каб маё жыццё было падобным да
Твайго жыцця.
Маці Божая,
удзялі мне ласку цярпліва шукаць Езуса на няроўных шляхах майго жыцця і ласку
распазнання ў Ім Божага Сына, які мяне адкупіў.
Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць
свет!