Абвяшчэнне Божага Валадарства

 ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Трэцяя таямніца святла
АБВЯШЧЭННЕ БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА І ЗАКЛІК ДА НАВЯРТАННЯ

 

«Фацімскае пасланне, перададзенае простым дзецям,
па свёй сутнасці з’яўляецца ўзгадваннем слоў Езуса:
 “Навяртайцеся і верце ў Евангелле, бо блізка Божае Валадарства”.»

Ян Павел ІІ

 

   Мы перажываем першую суботу месяца, запрасіла нас Беззаганнае Сэрца Марыі. Маці Божая запрашае нас, каб мы пажадалі прысвяціць Ёй час, у Яе прысутнасці разважалі над жыццём Езуса, міласэрнага Збаўцы, а таксама над Яе жыццём, настолькі Яму блізкім. Падумаем, мы таксама запрошаныя добрым Настаўнікам, нашым Сябрам і Лекарам нашых сэрцаў, каб, як Беззаганная, суправаджаць Езуса ў Яго справе, як Яна, лепш Яго пазнаючы і больш кахаючы, як Яна молячыся за людзей, што патрабуюць Божай Міласэрнасці. Углядаемся ў Найсвяцейшую Дзеву, вучымся ў Яе, адкажам на запрашэнне да марыйнай школы, якое скіраваў да нас Ян Павел ІІ.

Мы хочам быць бліжэй да Найсаладзейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Хочам пазнаваць Евангелле, лепш разумець, уважлівей слухаць і вучыцца ў Найсвяцейшай Маці любіць Езуса, дазволіць, каб нас вяло Беззаганнае Сэрца.

Езу Найсаладзейшы, Міласэрны Настаўнік, злітуйся над нашай слабасцю, спашлі нам Твайго Духа, які так шчодра абдараваў Тваю Найсвяцейшую Маці і Яе Беззаганнае Сэрца. Мы ведаем, што мы слабыя, і таму просім Тваёй Міласэрнасці. Няхай нашыя сэрцы будуць падобнымі да Сэрца Маці Божай!

Найчысцейшая Маці Збаўцы, будзь з намі, цярпліва вядзі нас Тваім шляхам, шляхам марыйным, каб мы разважалі над таямніцамі Твайго паклікання, над падзеямі Твайго жыцця. Мы прыходзім, спадзяючыся на суцяшэнне, падтрымку і Тваю дапамогу, Беззаганная Маці, мы хочам набрацца сілы ў Тваёй прысутнасці. Беззаганнае Сэрца Марыі, няхай нашыя сэрцы шукаюць Цябе, прагнуць Цябе і Тваёй навукі.

 

Чаму хоча навучыць нас Найсвяцейшая Дзева, на што нам сёння звяртае ўвагу Беззаганнае Сэрца Марыі?

Разважаем сёння над таямніцай абвяшчэння Слова Божага і закліку да навяртання. Гэтая таямніца вельмі дарагая Беззаганнаму Сэрцу Марыі, бо ў Фаціме Маці Божая з націскам паўтарае менавіта гэты заклік Езуса. Гэта было воляй і прагненнем Сына Божага: усім казаць пра міласэрнага Айца, які чакае грэшнікаў, пра ласку Божую, якая шчодра ўзнімае тых, што ўпалі, пра Суцяшальніка, Духа Святога, пра шуканне Божага Валадарства, як перліны, пра сеянне Слова Божага, пра малітву, пра прыказанні і блаславенствы, пра пакуту… Заўважым, што Беззаганнае Сэрца Марыі прагне ўдзельнічаць у  абвяшчэнні закліку да пакуты да малітвы за грэшнікаў, да ўзнагароды… Найчысцейшая Маці запрашае нас, згодна з нашымі магчымасцямі, усім сэрцам прымаць удзел у гісторыі збаўлення. Не досыць таго, што мы будзем імкнуцца быць добрымі, пазбягаць зла, не досыць таго, што мы будзем імкнуцца адкідваць спакусы, трэба яшчэ, каб мы, як Марыя, клапаціліся пра тых, што патрабуюць Божай Міласэрнасці. Ці хочам мы прымаць удзел у пакліканні ласкавай Маці, у прагненнях Яе Сэрца?

Падумаем хвілінку пра нас саміх: таксама і за нас нехта моліцца. Мы можа нават і не ведаем хто? Можа нашыя бацькі, можа хросныя, напэўна шмат асобаў малілася за нас падчас нашага святога хросту, падчас Святой Камуніі… Напэўна, гэта розныя асобы, якіх мы ледзьве памятаем, можа тыя, каму мы дапамагалі, а можа таксама тыя, каго мы пакрыўдзілі… Вера не прыходзіць сама, але праз Касцёл: бо нехта ж даў нам Біблію, нехта вучыў нас, а потым заахвочваў да малітвы, нехта паказаў, як маліцца на ружанцы… нехта прыводзіў нас на заняткі рэлігіі або нейкую сустрэчу ў касцёле, а нехта іншы сказаў пра набажэнствы першых суботаў… нехта нас хрысціў, нехта нас спавядае, нехта ўдзяляе Святую Камунію… увесь час нехта дапамагае нам верыць – як шмат асобаў падтрымлівала нашу веру – нават цяжка іх пералічыць! Мы можам памаліцца за іх, дзякуючы за падтрымку і ў сваю чаргу робячы тое самае. Касцёл – гэта супольнасць людзей, якія моляцца адзін за аднаго, няспынна сярод іх трывае Маці Цела Хрыстовага, або Касцёла. Найвялікшую ўдзячнасць мы аказваем тады, калі на ўзор тых, што падтрымлівалі нашу веру, мы будзем у ліку тых, што моляцца за іншых, сціпла паказваючы шлях да Бога сваім прыкладам, словам і жэстам асобы, якая падтрымлівае веру. Мы можам ахвяроўваць малітву, цярпенне, хваробу, боль сэрца, расчараванні… Мы можам праяўляць цярплівасць і шчодрасць сэрца… Такім чынам, як Марыя, як апосталы, мы спрыяем абвяшчэнню Божага Валадарства. Гэтую справу распачаў сваім жыццём, словам, пакутай, смерцю і ўваскрасеннем сам Езус.

Вось сутнасць місіі Хрыста: абвяшчэнне Валадарства Божага, заклік да навяртання, абяцанне Божай Міласэрнасці, навука аб прыказаннях і справядлівасці Божай. Найсвяцейшая Марыя, Панна мудрая, разумела пакліканне Сына, аднак гэта таксама выпрабаванне для Яе Сэрца: любы Сын адыходзіць з дому. Той, хто быў Яе дзіцём, якога Яна нарадзіла і карміла, з якім Яна штодзённа размаўляла, адыходзіць, каб быць для ўсіх людзей. Ён становіцца публічнай асобай, дасягальнай для кожнага, Ён вядомы, дзіўны, крытыкаваны, усе кажуць пра Яго настолькі па-рознаму – Маці слухае гэтыя розныя водгукі. Езус аздараўляе, навучае, узносіць, кажа пра Бога міласэрнага, які чакае грэшніка. Марыя ўсім сэрцам з Езусам, Яна ведае, што Сын уваходзіць у кантакт з людзьмі пабожнымі, са святарамі, сустракаецца з людзьмі дрэннай рэпутацыі. Ці Яна гэтага чакала? Беззаганнае Сэрца Марыі! Вучы нас прымаць нашае пакліканне і пакліканне нашых бліжніх, вучы нас адкрываць сэрцы на волю Бога, як Ты.

Жыццё Маці засяроджанае на Дзіцяці, а у той час маленства, цалкам залежнае ад апекі, паволі расце, становіцца незалежным. Маці, дазваляючы дзіцяці саспяваць, дае яму вольнасць выбару ўласнага шляху, уласнага паклікання. Асоба Марыі застаецца ў ценю; Яна павінна памяншацца, каб Дзіця магло ўзрастаць. Блізкасць паміж Маці і Сынам не змяншаецца, а прыстасоўваецца да паклікання Дзіцяці. Сын, адданы Маці, цалкам згаджаецца з воляй Айца, Ён паслухмяны Яго волі, Яго намерам. Маці, кахаючы Сына, кахае Яго разам з Яго пакліканнем, Яго місіяй, прымае Яго волю, падпарадкоўваецца Яго планам.

 

Паглядзім на Марыю, Маці слухаючую, Маці найцудоўнейшую. Яна слухае Сына, вучыцца разумець значэнне Яго слоў, думае пра Яго паводзіны. Яна становіцца Маці спадарожніцай, сяброўкай і вучаніцай Сына. Яна прымае Яго заклік, пашырае сваё Беззаганнае Сэрца для супольнасці вучняў.

Трэба заўважыць, што гэта Езус нас запрашае, каб мы вучыліся ў Яго Маці: кажа, што, хто слухае Яго словы, можа стаць Яго сястрой, братам і маці. Гэта вельмі значныя словы! Нам зразумела, што можна стаць для кагосьці духоўным братам ці сястрой дзякуючы аднолькавым думкам, перажыванням, праведзеным разам цяжкім хвілінам, узаемнай падтрымцы і дапамозе. Аднак Езус, абвяшчыючы Божае Валадарства, абяцае значна больш: той, хто слухае Яго словы, хто выконвае Волю Божую, можа быць Яго маці, Як Марыя. Гэтыя словы захаплялі шматлікіх святых, якія лічылі іх сваім пакліканнем – быць для Езуса як Найсвяцейшая, падтрымліваць пакліканне і справу Езуса, Як Найсвяцейшая Маці.

Што гэта азначае быць Маці Езуса?

Св. Францішак тлумачыў: “Мы носім Хрыста ў сэрцы, разважаем над Яго словамі, нараджаем Яго праз сведчанне жыцця, добрыя ўчынкі, для іншых людзей. Такім чынам мы становімся маці Пана”. Адна з цыстэрскіх містычак пісала: “Для Бога недастаткова, што мы становімся Яго дзецьмі, Ён прагне, каб мы сталіся таксама Яго маці: насілі Яго ў сэрцы і целе, нараджалі Яго для іншых”.

Першая, што менавіта так прыняла сваё пакліканне непараўнаўльным чынам, гэта Беззаганная Панна, Найсвяцейшая Марыя. Гэта Яна першая паверыла і прыняла Хрыста да свайго Сэрца, гэта Яна першая насіла Яго духам і целам, гэта Яна нарадзіла Яго для людзей, гэта Яна вучылася прымаць Яго словы і жыццё згодна з Яго воляй. Менавіта так Беззаганнае Сэрца прыняло і разважала Слова Божае, як запэўнівае нас евангеліст Лука. Маці Божая на працягу ўсяго свайго жыцця, з поўным адданнем волі, розуму і перш за ўсё з адкрытасцю свайго Беззаганнага Сэрца імкнулася разумець, пазнаваць і кахаць Езуса. Яна была Вучаніцай Божай, зачараваная Богам, зацікаўленая Богам, адданая Яму кожную хвіліну. Езус быў найвялікшай любоўю Яе жыцця, Яе Беззаганнага Сэрца.

Прымем жа сёння таямніцу абвяшчэння Валадарства Божага, таямніцу закліку да навяртання. Гэта таямніца жыцця Езуса, таямніца Марыі. Мы можам таксама прыняць яе як таямніцу нашага жыцця, мы можам увайсці на шлях марыйнага слухання, пакуты, адкрывання сэрца, малітвы за грэшнікаў, узнагароды. Прымем жа запрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі, Яна хоча бачыць нас побач з Езусам, які навучае, растлумачвае прыпавесці, абвяшчае Валадарства Божае, вядзе нас да неба. Памятайма Яе словы: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

О Марыя, Маці нашага Настаўніка, Панна слухаючая, Панна мудрая, Вучаніца Божая, Маці-Настаўніца, Маці міласэрнасці, просім, маліся за нас! Прасі Духа Божага, Духа Праўды, каб Ён адкрыў нашыя вушы і сэрцы, няхай зробіць нашыя сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.

 

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.

Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе, не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

 

 

РУЖАНЕЦ

Таямніцы святла

 

Хрост Езуса ў Ярдане

 

  Езус прыйшоў з Галілеі на раку Ярдан да Яна, каб прыняць ад яго хрост. Езус робіць тое, праз што хоча выканаць і ўдасканаліць справядлівасць Старога Права. Езус выйшаў з вады і людзі ўбачылі над Езусам Духа Божага, як голуба, і пачулі голас з неба: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3, 17).

Марыя, Ружанцовая Маці, мы так хочам слухаць Езуса, Валадара Міласэрнасці, Твайго Сына, слухаць усю Яго навуку. Мы хочам слухаць усе словы Святога Пісання, мы хочам слухаць навучанне Каталіцкага Касцёла. Мы таксама хочам да канца давяраць міласэрнаму Богу, кожнаму Яго слову. Мы не хочам зневажаць Бога грахамі недаверу, бо Ён і так ужо вельмі зняважаны.

 

Цуд у Кане Галілейскай

 

Езуса і Яго вучняў запрасілі на вяселле, дзе была таксама Яго Маці. У гаспадароў скончылася віно для гасцей. Маці Езуса заўважыла гэта і просіць Сына дапамагчы вырашыць праблему маладых сужонкаў. Езус чыніць цуд. Ён перамяняе ваду ў віно. Ратуе добрае імя маладых. Аб’яўляе сваім вучням Божую моц, якая жыве ў Ім.

Марыя, Беззаганная Дзева, мы дзякуем Табе за тое, што Ты так клапоцішся пра нас, людзей, так моцна клапоцішся пра нашае збаўленне, нашую вандроўку ў зямным жыцці Шляхам Любові, самым кароткім шляхам да неба. Ты так нас любіш, што ўжо шмат разоў у жыцці Касцёла прыходзіла на зямлю. Ты заахвочвала любіць міласэрнага Бога, любіць іншага чалавека і клапаціцца аб яго збаўленні малітвай аб навяртанні, пакутай, узнагародай за грахі. Будзь прывітаная, Марыя!

 

Абвяшчэнне Божага Валадарства
і заклік да навяртання

 

Езус у сваім навучанні абвяшчае надыход Божага Валадарства і заклікае да навяртання, адпускаючы грахі тым, што прыходзяць да Яго з даверам, даючы тым самым пачатак таямніцы міласэрнасці, якую Ён сам будзе ажыццяўляць аж да сканчэння свету, асабліва праз давераны Касцёлу сакрамэнт споведзі. Навяртацца – гэта адварочвацца ад зла, вызнаваць грахі Хрысту, практыкаваць утаймаванні і паварочвацца ў бок дабра.

Марыя, Прытулак грэшных, дапамагай нам абвяшчаць іншым людзям Божае Валадарства, перш за ўсё прыкладам жыцця згодна з навукай Езуса. Дапамагай, просім, адварочвацца кожны дзень ад зла, дапамагай нам адкрываць вялікае дабро і моц сакрамэнту споведзі, выпрошвай нам у Бога ласку вытрымкі ў частым прыступанні да гэтай крыніцы міласэрнасці. Не дазваляй забыцца пра частую ўзнагароду за грахі, нашыя і ўсяго свету, і ажыўляй веру ў тое, што дабро большае і мацнейшае за зло.

 

Перамяненне на гары Табор

 

Перамяненне Езуса – гэта вялікая таямніца веры, якая згодна з традыцыяй адбылася на гары Табор. Хвала Боства раз’ясняе аблічча Хрыста, калі Айцец абвяшчае Яго сваім умілаваным Сынам у прысутнасці агаломшаных Апосталаў, заклікае іх слухаць Яго і рыхтуе да балеснага моманту пакуты разам з Ім, каб яны дайшлі да радасці ўваскрасення і да жыцця перамененага Святым Духам.

Марыя, Маці міласэрнасці, Ты найлепш ведаеш, як нам людзям цяжка кожнага дня змяняцца па вобразу Бога. Як нам цяжка паверыць, цалкам, у кожнае слова Хрыста – пра любоў і малітву за непрыяцеляў, любоў да тых, што нас крыўдзяць, аб прабачэнні нашым ворагам, чыненні дабра тым, што нас высмейваюць і пераследуюць і, калі з-за Езуса распаўсюджваюць хлусню пра нас. Мы хочам у Цябе, Марыя, вучыцца безумоўнаму даверу міласэрнай Любові. З Табой мы зменім нашыя сэрцы на лепшае.

 

Устанаўленне Эўхарыстыі

 

Езус Хрыстус сваім Целам і Крывёй у постаці хлеба і віна становіцца ежай, даючы “ажно да канца” сведчанне сваёй любові да людзей, для збаўлення якіх Ён прынясе Сябе самога ў ахвяры. Гэта вялікая таямніца веры. Езус застаўся з намі на зямлі ў цудоўным Сакрамэнце Эўхарыстыі – Падзякі. Ён застаўся ў табэранаклях у святынях, каб нас блаславіць, каб даць нам сябе як пасілак у дарозе да вечнасці, даць як лекаванне на нашыя хваробы – грахі, каб нас слабых узмацняць і перамяняць.

Марыя, Маці нашая, ажыўляй у нас веру ў прысутнасць Твайго Сына Езуса ў Целе і Крыві ў постаці хлеба і віна, дапамажы нам часта прыступаць да гэтай крыніцы Божай міласэрнасці, каб мы не забыліся, што без гэтага святога харчавання ў нас не будзе сіл, каб дайсці да мэты нашага жыцця на зямлі – да жыцця ў небе. Дапамажы нам прымаць у сваё сэрца Хрыста ў Святой Камуніі заўсёды ў стане асвячальнай ласкі, каб мы заўсёды прымалі поўны ўдзел у Святой Імшы, прыступаючы да Стала Пана.

 

 

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!