Перамяненне на гары Табор

 ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Чацвёртая таямніца святла
ПЕРАМЯНЕННЕ НА ГАРЫ ТАБОР

   “Перамяненне Пана дае моцнае святло
для нашага штодзённага жыцця

і кіруе нашыя думкі да несмяротнага прызначэння,
прадказанне якога ўкрываецца ў гэтай падзеі”.
Сл. Божы Павел VI, Angelus.

 

  Сёння першая субота месяца, час разважання, просім Маці Божую, каб Яна нас суправаджала, каб захацела прамаўляць да нашага сэрца. Няхай сціхнуць нашыя думкі, адсунем усё, што перашкаждае нам засяродзіцца, паспрабуем зараз даць сабе час толькі для сябе і для Беззаганнага Сэрца Марыі. Адкрыемся на Яе прысутнасць у нашых сэрцах.

Духу Божы, Ты фармаваў Беззаганнае Сэрца Марыі, каб Яно было падобным да Найсаладзейшага Сэрца Езуса, Ты абдараваў Яе сваімі дарамі, натхніў Сваёй любоўю, лагоднасцю, супакоем і дабрынёй. Краніся нашых сэрцаў, няхай яны хоць трохі будуць падобнымі да Сэрцаў Езуса і Марыі.

Добры Езу, нашае Святло, нашае Жыццё, сёння мы хочам разам з Марыяй разважаць над адной з таямніцаў святла, краніся нас Тваёй моцай, Тваім блаславенствам.

 

Мы хочам сёння разважаць над Перамяненнем Пана. Чаму ружанец дае нам гэту таямніцу для разважання? Гэта ж была вельмі кароткая падзея, канешне, вялікае перажыванне, захапляючы досвед, але толькі для трох апосталаў. Пётр, Якуб і Ян былі выбранымі, каб убачыць Езуса ў вялікай хвале. Яны перажываюць нешта дзіўнае, незвычайнае – Езус забірае іх на высокую гару, асобна – яны напэўна адчуваюць сябе адасобленымі ад іншых, але таксама і выбранымі, дапушчанымі да незвычайных спраў, прызначаных толькі для іх. Яны ідуць разам на высокую гару – а значыць і месца нештодзённае, адасобленае, якое патрабуе намаганняў, падкрэслівае выключнасць падзеі, напэўна мае і сваю прыгажосць, навокал распрасціраецца прыгожы від. Сапраўды ўсё, здаецца, спрыяе таму, каб апосталы ацанілі тое, што іх чакае. Пасля ўзыходу на вяршыню Пётр, Якуб і Ян бачаць Езуса цалкам інакш, чым да сённяшняга дня – відаць, што Евангелісту цяжка гэта выказаць, ён спасылаецца на вобраз святла, сонца, бляску. Гэта павінна было быць незвычайнае ўражанне, бо мы чытаем, што “Езус перамяніўся перад імі”. Нечакана яны бачаць вядомую асобу цалкам інакш. Яны атрымліваюць чарговы знак боскасці Езуса: побач з іх настаўнікам з’яўляюцца Майсей і Ілля, прарок як полымя, а значыцца два найвялікшых асілка гісторыі Ізраэля, апосталы становяцца сведкамі іх размовы з Езусам. Што ж за незвычайны досвед! Ці мы б хацелі быць сведкамі такой падзеі!

Чаму Збаўца запрашае выбраных вучняў на гэтую сустрэчу? Яны не былі Яму патрэбныя, каб убачыць Майсея і Іллю. Ці Ён хацеў, каб яны запамяталі гэтае перамяненне, Яго самога ў вялікай хвале, калі прыйдзе час пакуты і смерці? Ён выбраў Пятра, які павінен быць скалой, на якой пабудуецца Касцёл, Якуба, які стаў кіраўніком хрысціянскай супольнасці ў Ерузалеме, Яна, умілаванага вучня. Апосталы выразна ўсхваляваныя сітуацыяй: адчуваюць спакой і радасць, калі Пётр асмельваецца адгукнуцца да Настаўніка: “Пане, добра, што мы тут”. Трэцім знакам для апосталаў з’яўляецца прамяністае воблака і голас з неба: “Гэта Сын мой умілаваны, у якім маё ўпадабанне, Яго слухайце!”

Здавалася б, што апосталы ўжо ўсё ведаюць – яны бачаць, што іх Пан не толькі чалавек, яны бачаць павагу Майсея, навайжнейшага правадніка і правадаўцы, Іллі, самага вядомага прарока, чуюць запэўніванне неба…

Можа мы зайздросцім досведу з гары Табор, візіі, прыватнаму аб’яўленню, слуханню голасу Бога? Ці хацелі б мы, як візіянеры, самі сустрэцца, задаць пытанні, убачыць, заўважыць, пачуць, дакрануцца да зямлі аб’яўленняў? Ці здаецца нам, што тады было б лягчэй жыць, лягчэй зносіць штодзённыя цяжкасці?

Перамененага Езуса на гары Табор бачылі толькі тры вучні, астатнія маглі толькі паслухаць ашаламляючую аповесць. Але пад крыжам, як мы памятаем, з апосталаў, якія бачылі перамяненне, застаўся толькі Ян. Пётр, незалежна ад захапляючага ўспаміну, адрокся ад усялякай знаёмасці з Езусам, Якуба пад крыжам таксама няма. Гара Табор не змяніла апосталаў настолькі, каб яны вытрывалі.

Не бачылі перамянення, Майсея і Іллі іншыя вучні – ані Маці Божая, ані Марыя Магдалена, ані жонка Клеопы; таксама і Юзаф з Арыматэі і Нікадэм не бачылі, а адважыліся прызнацца ў знаёмасці і папрасіць цела Езуса пасля публічнага прыніжэння і пакуты, каб пахаваць Яго. Гэта яны пажадалі праявіць любоў і вернасць падчас роспачы і болю.

Можа і мы маем свой вялікі досвед прысутнасці і хвалы Божай, якія захоўваем у сэрцы. Ці нам таксама здаецца, што гэтыя хвіліны занадта кароткія, рэдкія?

Евангеліст нічога не кажа пра тое, ці Маці Божая бачыла перамяненне Езуса, мы нічога не ведаем пра цуды ў сямейным доме, хоць некаторыя і стваралі такія легенды. Але рэчаіснасць мацнейшая – Марыя была першай з тых, што не бачылі, а паверылі, толькі слову анёла. Пасля звеставання, як чытаем, “адышоў ад Яе анёл”. Нічога не ведаем пра тое, ці былі Ёй нейкія знакі, Яна жыла звычайным жыццём, перажываючы прысутнасць Езуса ў сваім Беззаганным Сэрцы, прыняла Яго духам і целам. Яе вера магла абапіраца на прадказанні прыходу і нараджэння Сына, падтрымлівацца прывітаннем Альжбеты, пакланеннем Мудрацоў – перш за ўсё, аднак, штодзённай прысутнасцю Езуса, сярод звычайных абавязкаў і заняткаў. Марыйны шлях не вёў на Табор, Яна не ішла на гару, каб убачыць Майсея і Іллю. Найсвяцейшае Беззаганнае Сэрца кармілася штодзённасцю з Езусам укрытым, а не бляскам рэдкіх падзеяў.

Ці згаджаемся мы на марыйны шлях веры, на тое, каб жыць, як Яна? Маці мела Езуса вельмі блізка ля сябе, як мага бліжэй, ва ўласным доме – у звычайнасці, штодзённасці, бачнага і адначасова ўкрытага ў сваёй Боскасці. Маці Божая дакраналася да Яго, карміла, апекавалася Ім, слухала Яго, імкнулася разумець Яго словы, насіла Яго ў Беззаганным Сэрцы. Гэты самы шлях ляжыць перад намі. Мы таксама запрошаныя да жыцця, якое было ў Найсвяцейшай Панны Марыі, найбліжйшай Богу. Нам трэба ўшаноўваць Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакраманце, даступнага нам таксама ў духоўнай Камуніі, даступнага праз слова Божае, праз сакраманты. Нам трэба штодзённа насіць Яго ў сабе, слухаць Яго і прымаць, робячыся падобнымі да Яго, як Найсвяцейшая Панна.

   Прымем жа духоўнасць Беззаганнага Сэрца, шлях штодзённасці з Езусам. Бог будзе нас суцяшаць сваімі дарамі, сваёй прысутнасцю, ласкамі, якія будуць падтрымліваць нашыя дні. Аднак, не гара Табор прымае рашэнне аб нашай вернасці ці любові Божай. Таму прымайма Езуса кожнага дня, як Маці.

   Беззаганнае Сэрца Марыі, уфармаванае Духам Святым, як Найсаладзейшае Сэрца Езуса! Мы хочам быць да Цябе падобнымі, мы хочам штодзённа перамяняць нашыя сэрцы на ўзор Твайго Сэрца, вядзі нас сваёй дарогай да ўкрытасці, блізкасці да Езуса, адкрывання на Яго перамяняючую прысутнасць. Просім, маліся за нас! Ты ведаеш, о Маці, што нам патрэбныя знакі і цуды. Вучы нас, што прысутнасць Твайго Сына з’яўляецца найвялікшым цудам у нашым жыцці. Маці, рабі нашыя сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.   

 

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,

давяраю Табе і люблю Цябе.

Прашу ў Цябе прабачэння за тых,

што не вераць у Цябе,

не праслаўляюць Цябе,

не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

 

 

РУЖАНЕЦ
Таямніцы святла


Хрост Езуса ў Ярдане

  Езус сустракае Яна Хрысціцеля другі раз, яны ўжо сустрэліся раней, дзякуючы спатканню абедзвюх Маці. Некалі, абедзве, у цішыні дому маленькай мясцовасці, яны змаглі распазнаць надыходзячую радасць – вялікі падарунак, прысутнасць Сына Божага. Цяпер сустрэча Хрысціцеля і Езуса наступае праз гады, публічна, у прысутнасці іншых людзей. Як яны прымаюць аб’яўленне хвалы Божай у Ярдане? Часам і мы  хацелі б убачыць цуды, але ці ўмеем мы іх заўважыць, калі яны здараюцца вакол нас?

Што азначаў дзеля Марыі хрост Яе Дзіцяці? З першай хвіліны Яна ведала, што гэта Сын Божы, словы з неба над Яраданам толькі пацвярджаюць Яе досвед звеставання і гадоў цішыні дома. Марыя прымае ўсім сэрцам пасланне з неба – Езус не толькі Яе Сын, але перш за ўсё Сын Божы. Яна таксама павінна прыняць Яго навуку, Яна таксама павінна Яго слухаць. Цяжкае гэтае падвойнае пакліканне – Вучаніцы і Маці. Бязгрэшны прымае хрост дзеля адпушчэння грахоў, пакутуе за іншых, гатовы насіць чужы цяжар. Як жа згадзіцца са шляхам жыцця не толькі сваім, але і іншай асобы – пакліканнем свайго Дзіцяці? Лягчэй насіць цяжар за сваё Дзіця, а што рабіць, калі дарослае Дзіця, вырашаецца на тое, каб насіць цяжар іншых? Паглядзім на Марыю, Яна прымае пакліканне Сына Беззаганным Сэрцам, вучымся ж у Яе прымаць любячым сэрцам пакліканне блізкіх нам асобаў, згаджацца на цяжкі шлях, вучыцца любіць людзей з іх пакліканнем Яе Сэрцам. 

Езус аб’яўляе Сябе на вяселлі ў Кане Галілейскай

Гэта першы цуд Езуса, ці ён нас здзіўляе? Можа мы выбралі б нешта больш захапляльнага, можа некага славутага можна было б аздаравіць, уваскрасіць. Якое практычнае значэнне мае ўратаванне ад недахопаў і рэпутацыі на вяселлі? Любая атмасфера, дапамога маладой пары… Наймацней здзіўляюць паводзіны Марыі: Яе спакойная ўпэўненасць і самадзейнасць адносна гаспадароў, служачых, а таксама Сына. Яе словы да Сына Божага дадаюць больш даверу, так кажа медсястра да лекара. Яна паказвае, дзе ляжыць хворы, веручы, што лекар падыйдзе і вылячыць. Марыя ўпэўненая, што Езус не будзе абыякавым да праблемы, досыць Яму сказаць: “не маюць віна”. Яна ўпэўненая, што Езус вырашыць праблему. Ёй досыць адказу Езуса, незразумелага іншым. Маці больш часу прысвячае людзям. Яна падказвае ключавыя словы для ўсіх, хто хоча слухаць Марыю: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”. Маці прадбачыць, што Сын будзе патрабаваць ад людзей супрацоўніцтва і намаганняў, ведае, што людзі будуць здзіўленыя загадам Езуса; Яна рыхтуе месца для дзейнасці Езуса. Мы бачым еднасць Сэрца Марыі з Сэрцам Езуса, іх вялікі давер, зразуменне, Яе цалкавітую адданасць волі Сына, тое ж самае Яна раіць людзям, у якіх мае аўтарытэт. Яе словы, як лямпа на шляху, у пачатку дзейнасці Езуса. Прымем жа і мы Яе навуку, не будзем абыякавымі да слоў Панны Марыі. Просім, каб Яна фармавала нашыя сэрцы на ўзор свайго Сэрца.

Абвяшчэнне Божага Валадарства

Вось сутнасць місіі Езуса: абвяшчэнне Божага Валадарства, заклік да навяртання, абяцанне Божай міласэрнасці. Марыя разумее пакліканне Сына, аднак гэта таксама выпрабаванне дзеля Яе Сэрца: любы Сын адыходзіць. Той, які быў Яе Дзіцём, якога Яна карміла, адыходзіць, каб быць дзеля ўсіх людзей. Ён становіцца публічнай асобай, даступнай кожнаму, вядомай, захапляючай і крытыкаванай. Ён аздараўляе, навучае, узнімае, кажа пра Бога, чакаючага грэшніка, міласэрнага. Марыя ведае, што Сын уступае ў канфлікт з людзьмі, якія захаплялі пабожнасцю, са святарамі, сустракаецца з людзьмі з дрэннай рэпутацыяй. Ці на гэта Яна спадзявалася?

Жыццё Маці засяроджана на Дзіцяці: малое стварэнне, цалкам залежнае ад апекі, паволі расце, становіцца незалежным. Маці, дазваляючы дзіцяці сталець, дае яму вольнасць прыняцця ўласнага шляху. Асоба Маці застаецца ў ценю; яна павінна памяншацца, каб Яно магло расці. Блізкасць не памяншаецца, а прыстасоўваецца да паклікання Дзіцяці. Паглядзім на Марыю. Яна слухае Сына, вучыцца разумець значэнне Яго слоў, думае пра Яго паводзіны. Яна становіцца Маці, спадарожніцай, сяброўкай і вучаніцай Сына. Яна прымае Яго заклік да блізкасці духа, пашырае Сэрца дзеля супольнасці вучняў. Езус запрашае, каб мы вучыліся ў Марыі. Ён абяцае, што кожны, хто слухае Яго словы, можа стаць Яго сястрой, братам і маці. Марыя няспынна насіла ў сэрцы і разважала над словамі Езуса, імкнучыся да еднасці з Ім. 

Перамяненне Езуса на Гары Табор

Што за незвычайны досвед выбраных апосталаў: яны перажываюць хвіліны хвалы, блізкасці і велічы Бога, настолькі вялікага захаплення, што не ведаюць, што ім сказаць, а таму хацелі б затрымаць час. Па паводзінах апосталаў відаць, што яны перажылі вялікае аб’яўленне, якое разрывае іх сэрцы. Успамінам пра такі выпадак можна жыць шмат гадоў, наноў яго адкрываць і ўсё глыбей пераасэнсоўваць, гэта можа даваць моц на ўсё жыццё.

Мы б хацелі перажываць аб’яўленні, як апосталы на гары Табор, як св. Фаустына, як шмат іншых святых. Аднак, пасля такіх падзей наступае штодзённасць поўная ўхабістых дзён. На гары Табор найважнейшыя апосталы даведваюцца пра выпрабаванне, якое павінна адбыцца. Хто з апосталаў, якія бачылі і перажывалі радасць на Таборы, не ўцёк з-пад крыжа? Большасць з той малой групкі, якая вытрывала, не бачыла перамянення на той гары.

Паглядзім – пад крыжам застануцца самыя блізкія, тыя, якія ўмеюць бачыць Езуса без цудаў, укрытага, прыняць Яго ў цярпенні…

Марыі, нашай Маці, на гары Табор няма.  Яна знаходзіцца пад крыжам. Ці мы выбралі марыйную дарогу? Будзьма блізка ля Маці. 

Устанаўленне Эўхарыстыі

Гэта найвялікшы дар Езуса людзям: Ён сам цалкам дае сябе, з намі пасяліўся тут, у Эўхарыстыі, штодзённа даступны ў нашым жыцці. Апосталы не разумелі значэння Апошняй Вячэры, не ўсведамлялі, што ўжо хутка адбудзецца здрада, пакута і смерць, хоць Настаўнік і папярэджваў.

Езус ведае пра ўсё і таму ўжо ў Эўхарыстыі аддае сябе, загадваючы, просячы прымаць Яго такім чынам і станавіцца з Ім адным Целам. Бог прагне аддаваць сябе чалавеку, хоча быць прыманым і каханым – чакае нас, нашай прысутнасці, блізкасці. Ён стаў настолькі даступным, як гэта толькі было магчыма.

У Эўхарыстыі Езус прагне быць нашым Суцяшальнікам, Успамогай, Лекарам нашых ран. Ці мы прымаем Сына Божага? Ці памятаем пра Яго прысутнасць? Ці вітаем хаця б адным сказам Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, праяжджаючы або праходзячы каля Касцёла? Ці даем сабе і Богу шанс хаця б на кароткую сустрэчу перад табэрнаклем?

Папросім Марыю, першую, якая стала табэрнаклем на зямлі; першую, якая прыняла сэрцам і целам Езуса, каб Яна вяла нас да Эўхарыстыі, каб вучыла нас прымаць Яго, як Яна, з такой любоўю і чыстасцю. Папросім Найчысцейшую Маці, каб, як Яна, мы туліліся да Езуса, у Ім знаходзілі суцяшэнне і моц, аздараўленне нашых ран. 

 

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!