Першы дзень: вернасць

 Першы дзень і першая інтэнцыя: вернасць.

  Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў першы дзень маёй навэнны, каб маліцца аб цноце вернасці.

Марыя, Маці Прыгожай Любові, мой Прытулак і Заступніца, сёння я звяртаюся да Твайго Найсаладзейшага Сэрца, просячы, каб Ты выпрасіла мне ласку заўсёды заставацца верным Богу, святому каталіцкаму Касцёлу, майму Анёлу Апекуну і маім нябесным патронам, якіх Ты Сама з’яўляешся Каралевай.

 Найсвяцейшая Марыя, Настаўніца веры, выпрасі мне цноту вернасці Езусу Хрысту. Я хачу пазбягаць усялякай нездаровай крытыкі Касцёла і яго навукі – не толькі ў словах, але таксама ў думках. Сцеражы мой розум, волю і пачуцці ва ўсіх справах, звязаных з верай і маральнасцю паводзіць сябе так, як бы Ты рабіла ў маёй сітуацыі. Няхай ніколі, ажно да гадзіны маёй смерці, не слабее мая руплівасць у служэнні Касцёлу, каб потым разам з Табой, у супольнасці анёлаў і святых, я мог усю вечнасць праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу.

Панна верная, Святое Пісанне абвясціла Цябе “блаславёнай паміж жанчынамі” (Лк 1, 28, 42). У іншым месцы я чытаю пра Цябе: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 45). Выпрасі мне такую моцную веру, каб я адкрытым сэрцам прымаў Божае слова, якое абвяшчае Касцёл; таксама і тады, калі яно цяжкае, шмат патрабуе і супярэчыць шляхам, якімі ідзе свет.

Маці, Ты верна стаяла, да самага канца, пад крыжам Свайго Сына на Кальварыі. Разам з Янам, умілаваным вучнем, Ты пачула словы, якія сказаў Збаўца, завярашаючы імі сваю публічную дзейнасць на зямлі: “Жанчына, вось сын Твой… Вось Маці твая” (Ян 19, 26-27). Ты атрымала ганаровае заданне быць Маці і Сэрцам Касцёла, які толькі нараджаўся. Ты падтрымлівала веру і мужнасць вучняў Хрыста і, калі яны сабраліся вакол Цябе пасля ўнебаўшэсця, чакаючы нараджэння Касцёла ў дзень Пяцідзесятніцы, Ты выпрасіла для іх моц Духа Святога.

Маці Касцёла, Ты не перастаеш дзейнічаць у святым Касцёле Твайго Сына і для ўсіх яго супольнікаў вымальваеш цноты веры і надзеі, каб кожны з нас мог жыць у любові на ўзор Твайго Беззаганнага Сэрца. Ты верыла не толькі тады, калі ўсё было лёгка і зразумела; Ты не пераставала верыць у Езуса ў гадзіну Яго смутку, самотнасці і цярпення. Мы ведаем, што маючы Цябе за Маці і за ўзор, мы зможам верна вытрываць пры Езусе і Яго Евангеллі да самага канца. Амэн.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.