Чацвёрты дзень: любоў

 Чацвёрты дзень і чацвёртая інтэнцыя: любоў.

  Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў чацвёрты дзень маёй навэнны, каб маліцца аб святой цноце любові.

Марыя, Маці Хрыста, Маці прыгожай любові, уфармуй маё сэрца паводле Сэрца Твайго Сына. Яго любоў да Айца і да ўсіх людзей была такая вялікая, што Ён быў гатовы аддаць за нас сваё жыццё на дрэве крыжа.

Выпрасі мне ласку звышнатуральнай любові, якой мы будзем любіць Бога па-над усё іншае і дзеля Яго самога, і якой мы будзем любіць бліжняга дзеля Бога.

Я веру, што праз набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца я атрымаю цноту звышнатуральнай любові, і адбудзецца гэта дзякуючы моцы Божай любові, якую Бог улівае ў маю душу разам з асвячальнай ласкай.

Святы Яне, Апостал любові, які – выконваючы загад Езуса Хрыста, паміраючага на крыжы – прыняў Маці Езуса ў свой дом, і такім чынам у сваё сэрца, прашу цябе аб заступніцтве, каб я мог пазнаць Бога, які ёсць любоўю, і мог жыць у Богу, а Бог ува мне.

Марыя, Абранніца Духа Святога, менавіта праз Тваё магутнае заступніцтва Дух асвячае маю душу і дазваяле мне казаць у духу веры і любові: “Езус ёсць Панам!”. О Беззаганнае Сэрца Марыі, выпрасі мне ў Духа Божай Любові гэтую ласку, каб я яшчэ больш любіў Езуса Хрыста і Бога Айца. Навучы мяне кожны дзень жыць верай, якую Ты мела на зямлі, і любіць так, як Ты любіла. Няхай ужо ў гэтым свеце мяне саграваюць прамяні Тваёй любові, якія напаўняюць Тваё Сэрца. Распалі ўва мне агонь Духа Божага. Дапамажы мне служыць Касцёлу з любоўю і вернасцю.

Беззаганная Маці Божая, аб’яднай мяне з маімі братамі і сёстрамі ў гэтым свеце, у якім не хапае любові і супакою. Няхай мы ўсе станемся адной паствай, якой кіруе адзін Пастыр. Прыцягні мяне да Езуса і зрабі маю душу і маё жыццё сваёй уласнасцю. Асвяці кожную маю думку, кожнае слова і кожны ўчынак, каб маё жыццё ва ўсім было падобным да Твайго.

Ты з’яўляешся Маці Эўхарыстыі, асвячай мяне і ачышчай, каб я мог годна прыступаць да сакрамэнту любові і так прымаць Збаўцу, каб узрастаць у ласцы і асягнуць вечную хвалу. Дзякуючы гэтаму я змагу аднойчы пасяліцца ў небе целам і душой, і трываць у дасканалай камуніі з Езусам Валадаром і Табой, Каралевай і Маці. Амэн.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.