Укаранаванне цернем

 


ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ 
Трэцяя балесная таямніца
УКАРАНАВАННЕ ЦЕРНЕМ

Маці Балесная, маліся за нас!

 

  Сёння першая субота месяца – наш дзень сустрэчы з Евангеллем, з таямніцамі ружанца, які з’яўляецца зместам Евангелля. Маці Божая запрашае нас, каб мы разам з Ёй разважалі над жыццём Езуса і Яе самой, якая была вельмі блізка ля Яго. Гэта Яе прагненне, каб мы былі бліжэй да Збаўцы, як Яна, разам з Ім.

   Добры Збаўца, які прыгарняеш грэшнікаў, уздымаеш слабых, тых, што ўпалі. Дапамажы нам, просім. Мы не ўмеем любіць Цябе, не ўмеем наследаваць Цябе, баімся. Мы хацелі б быць падобнымі да Тваёй Беззаганнай Маці, умець любіць Цябе, як Яна. Твая Маці ўказвае нам на сваю самую вялікую любоў – на Цябе. Ты сам адкрый нашыя сэрцы, дапамажы нам ісці за Табой, вучыцца ў Беззаганнага Сэрца, як любіць Цябе, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.

   Духу Святы, Беззаганнае Сэрца Марыі – гэта Твая справа, Ты сама любоў, радасць, супакой, Ты даешь вытрымку і мужнасць. Фармуй, Духу ласкі, нашыя сэрцы, няхай яны будуць прыгожыя і чыстыя, напоўні іх Тваёй моцай. Мы хочам быць бліжэй да Маці Божай, пазнаваць Яе жыццё і вучыцца ў Яе, дазволіць Беззаганнаму Сэрцу весці нас.

   Духу Божы, аздаравіцель людзкіх сэрцаў, удзялі нам, просім, супакой сэрца. Духу дабра і ласкі, вядзі нас, просім, адкрый нашыя вочы і вушы.

   Маці Божая і нашая, вядзі нас сёння да балесных таямніцаў, гэта таямніцы жыцця Твайго Сына, Твае таямніцы, але і нашыя. Вядзі нас, Настаўніца наша.

   Вось адна з таямніцаў жыцця Езуса – укаранаванне цернем. Гучыць страшна, балюча. Укаранаванне здаецца нам вельмі ўрачыстым і цудоўным, каранацыі адбываюцца і сёння і азначаюць вялікую ўзнагароду, недасягальную для большасці людзей. Церні прычыняюць боль, колюць, раняць, карона з церняў раніць цела і галаву…

   Падумаем – Езус атрымлівае карону з церняў, гэта адзін з досведаў пакуты. Гэта прыдумалі перш за ўсё для таго, каб прынізіць сапраўднага Настаўніка, хвалебнага Цудатворцу, высмеяць Яго і пасароміць. Гэта хвіліна публічнага прыніжэння Езуса. Той, хто выклікаў павагу, у якога пыталіся парады, якога цанілі – цяпер стаіць без пратэсту, супраціўлення, апрануты так, каб абуджаць спачуванне. Той, хто прымаў удзел у дыскусіях, даваў бліскучыя адказы, цяпер маўчыць. Яго бачаць усе, маўчаць або смяюцца з Яго. Недзе стаяць таксама і апосталы, недзе стаіць Маці. Ніхто не можа Яму дапамагчы. Як супрацьстаяць арганізаванай моцы жаўнераў, інстытуту дзяржавы? Ніхто таксама не прызнаецца, што ведае Яго, ніхто не выступае ў Яго абарону, можа нават нельга да Яго падысці праз атрад жаўнераў, да Яго няма подступу. Няма як дапамагчы Езусу, Ён самотны. Гэта толькі пачатак Яго шляху цярпення і мукі, прыніжэнняў і болю.

   Мы можам паказаць тых, хто гэтаму паспрыяў, але Езус церпіць за нас і для нас. Ён прымае нашыя грахі, нашыя правіны, здраду, здзекванні, недахоп любові, трусасць, занядбанні, нашыя ўпадкі і раны, якія мы прычынілі шматлікім асобам.

   Недзе, сярод сабраных, напэўна стаіць Маці. Гэта Яна насіла ў сабе Езуса, як каштоўны скарб, гэта Яна хавала Яго, слухала кожнае Яго Слова, глядзела як на Сына Божага. Усім Беззаганным Сэрцам Яна была аддадзеная Яго шляху, Яго пакліканню, але гэтае відовішча разрывае Яе Сэрца, ламае Яе пачуцці. Калі б магла, Яна зрабіла б усё, каб гэтага пазбегнуць, аднак, як? Яна сама згадзілася на пакліканне Сына, на Яго волю, на Яго міласэрны намер прыняць на Сябе правіны і грахі людзей. Яна сама сказала fiat, згаджаючыся на ўсё, што будзе чакаць ад Яе Бог – для нашага дабра. Езус не захаваў Маці ад цярпенняў – Яна ішла за Ім шляхам веры, любові, надзеі, давярала больш Богу, чым асабістым пачуццям і страхам.

   Маці Божая малілася гэтую таямніцу ружанца, як і ўсе іншыя, асабістым жыццём, сваім Беззаганным Сэрцам. Цяпер здзяйсняюцца словы Сімяона – Яе душу прйодзе меч. Цяпер паўтараецца Яе ахвяраванне, згода на тое, што Сын Яе любы церпіць за іншых. Маці Езуса прымае волю Сына – за нашую нявернасць, за нашыя правіны Ён прыняў пакуты, крыж і смерць, Маці паслухмяная міласэрнаму Сыну, хоць гэта і вялікі боль Яе Сэрца. Нічога не можа змяніць, нічога не можа палегчыць, нічога прыспешыць. Усё павінна выканацца.

   Прымем жа таямніцу ўкаранавання цернем – болю і прыніжэння, высмейвання і здзекванняў. Ці гэта нас ужо спаткала? Гэтую таямніцу перажывала шмат хрысціянаў ў першыя стагоддзі, у часы гвалтоўных пераследванняў і на працягу наступных стагоддзяў. Гэта таямніца тых, каго часта высмейваюць і хто не можа абараніцца, нічога не можа растлумачыць. Гэта таямніца Касцёла – колькі ж разоў абвінавачвалі Касцёл, і нават святых? Колькі ж святых высмейвалі, прыніжалі… Падумаем пра таямніцы ўкаранавання цернем у нашым жыцці. Часам мы б хацелі, як апосталы, хуткага рэагавання Бога – пяруна на тых, хто абражае Езуса або Касцёл, або нас саміх… Шмат хрысціянаў чакае радыкальных рашэнняў, часам супярэчлівых. Пераследаваны Касцёл часам здаецца занадта пасіўным, як Езус выстаўлены на пасмешышча, у накінутым плашчы, цярнёвай кароне, насунутай на галаву. Чаму ніхто нічога не робіць, пытаем.

   Існуе таксама іншая магчымасць – мы глядзім на ўкаранаваных цернем і задумваемся, што нам трэба думаць. Так часта папракалі святых Касцёла, кажучы, што яны маглі і павінны былі б зрабіць… Нажаль, людзі, якія старанна пісалі тыя парады, не правялі і паловы таго часу, што святыя і блаславёныя, падтрымліваючы паміраючых, клапоцячыся пра хворых, дапамагаючы бедным… А аднак шмат людзей паддаліся спакусе, засумнявалася, захісталася ў сваёй веры, гледзячы на ўкаранаванне Езуса, Касцёла, святых…

   Беззаганнае Сэрца Марыі, Панна верная, будзь Аховай нашай веры, як Маці, якая патрабуе і выхоўвае. Не дазволь нам ніколі засумнявацца пад націскам высмейвання ці здзеквання над нашай верай, над дарагімі нам святымі. О Маці Балесная, гэта з-за нас цярпеў Твой Сын, гэта нашыя правіны ранiлі Яго як церні. Маці Балесная, маліся за нас!

   Панна верная, Каралева Мучанікаў, Ты захавала любоў і веру ў кожным выпрабаванні, Ты захавала Беззаганнае Сэрца. Вядзі нас, просім, Тваім шляхам. Мы ведаем, што Твой шлях ляжыць блізка ля Езуса, які цярпіць за нас, зносіць прыніжэнні за нас. О Маці, падтрымлівай нас, маліся за нас, вучы нас быць адважнымі ў цярпенні, веры і прыніжэннях, вучы вытрываласці ў пакліканні, любові да Касцёла. Амэн.



Балесныя таямніцы

 Малітва ў садзе Аліўным

 

   У лісце святога Паўла да Ефесянаў чытаем, што Бог выбраў нас да пачатку свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Яго абліччам. Менавіта для ажыццяўлення гэтага паклікання, якім абдараваў нас усіх Бог, Хрыстус уваходзіць на шлях пакутаў. Хоча нас паставіць на шлях, які вядзе нас да вольнасці ад граху, да шчасця аглядання Бога, да таго, каб быць святымі – так, як прагне гэтага наш Створца.

   У гэтай таямніцы мы глядзім на Езуса, які кажа Айцу “так” на пакуту і смерць. І мы кажам Яму: “Пане, я зраблю ўсё, каб было менш нагодаў для Тваёй збаўчай Мукі! Не буду шукаць граху, але зраблю ўсё, каб узнагародзіць Табе за зло, якое раблю я і мае браты”.

 

Бічаванне Езуса Хрыста

 

   Чытаючы ліст св. Паўла да Ефесянаў, мы знаходзім словы: “Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў за яго самога сябе, каб зрабіць яго святым” (пар. Еф 5, 25). Паглядзім сёння на церпячага Езуса падчас бічавання і задайма сабе два пытанні: пра нашую любоў і нашую святасць.

   Пане, ці гэта не так, што таго, хто любіць Неба, ненавідзяць на зямлі, а той, што святы для Цябе, з’яўляецца прадметам нянавісці сатаны? І наадварот: той, каго любіць гэты свет, будзе пакутваць ў пекле?

   Ці таму Ты так шмат пакутваў, што быў такім святым, Пане?

 

Укаранаванне цернем

 

   У гэтай таямніцы мы глядзім на Езуса ўкаранаванага цернем і ў пурпуравым плашчы. Прыніжаны, пакутуючы Збаўца прымае цярпенне, каб нам даць збаўленне. Паказвае нам таксама іншае вымярэнне цярпення – тое духоўнае, часам большае за фізічны боль.

   Езус згадзіўся на гэта. Таму дай нам, Пане, сілы і адвагі, каб мы таксама ўмелі згаджацца на духоўныя цярпенні, на аддаленне, пагарду, здзекі, жарты, пазбаўленне правоў – каб мы так, як Ты і Твая Маці Беззаганная Марыя, умелі ахвяраваць гэтае вымярэнне цярпення Богу дзеля збаўлення свету.

 

Крыжовая дарога

 

   Езу, Ты ішоў крыжовым шляхам, поўным цярпення, здзекаў, упадкаў.. Ты запрашаеш нас на гэты шлях… Хочаш, каб мы ўвайшлі на яго дабраахвотна, як Ты. Каб мы згадзіліся на самотнасць і боль, калі Бог патрабуе гэтага дзеля людзей, якія жывуць у граху.

   Кожны з нас ідзе нейкім крыжовым шляхам. Каб мы ўмелі выкарыстаць кожную хвіліну дзеля ўзнагароды Богу за грахі нашыя і ўсяго свету. Няхай наш шлях, поўны цярпення, будзе поўным найпрыгажэйшага сэнсу: збаўчага сэнсу. Няхай і мы будзем патрэбнымі Богу, будзем ратаваць свет.

 

Смерць на крыжы

 

   Святыя паўтараюць, што ў Ранах Езуса нарадзіўся Касцёл, гэта значыць кожны з нас. Гэтае цярпенне было патрэбнае, каб мы маглі знайсці сапраўднае жыццё, жыццё ў еднасці з Богам, жыццё, якое не скончыцца. Гэтае цярпенне Езуса не было самотным: пад крыжам стаяла Марыя. Там стаяла нашая Маці і з таго моманту Яна заўсёды побая з намі. Вучымся верна трываць пад крыжам, але не адныя, не ўласнымі сіламі, бо тады раней ці пазней мы адыдзем ад Бога. Няхай узмацняе нас мацярынская любоў і клопат Беззаганнай Марыі. З Ёй, церпячы разам, мы спрыяем нараджэнню ў свеце дабра, супакою і надзеі.



Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!