ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Другая таямніца святла
ЦУД У КАНЕ ГАЛІЛЕЙСКАЙ
Невядомая
пара маладых людзей запрасіла на сваё вяселле Езуса і Яго вучняў. Евангелле
адзначыла, што была там ужо Найсвяцейшая Маці. Яна заўважыла, што ў нейкі
момант не хапіла гасцям віна, і звярнулася з просьбай да Езуса: “У іх няма
віна” (Ян 2, 3). Езус адказаў Ёй таямнічым чынам: “Ці гэта мая ці твая
справа, Жанчына? [Ці] яшчэ не надышла мая гадзіна?” (Ян 2, 4). Словы гэтыя
можна было зразумець, як адмову, але Найсвяцейшая Маці, упэўненая ў тым, што
Сын выканае кожную Яе просьбу, сказала слугам: “Зрабіце ўсё, што Ён вам
скажа” (Ян 2, 5б).
Езус
сказаў слугам, каб яны напоўнілі вадой шэсць каменных збаноў. А калі яны паслухмяна выканалі тое, што Ён ім
сказаў, загадаў: “Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля” (Ян 2, 8). Кіраўнік паспрабаваў ваду і здзівіўся, што
падалі такое добрае віно. Ён не ведаў, адкуль яно ўзялося. Таямніцу вады, што
сталася віном, ведалі слугі. Даведаліся пра гэта таксама вучні Езуса і паверылі,
што Ён чаканы Месія.
Кожная
падзея ў жыцці Хрыста – гэта таямніца. Апрача знешніх фактаў, укрытая ў іх
маральная навука і таямнічы духоўны сэнс, які можна распазнаць пад натхеннем
Духа Святога ў кантэксце пасхальнай таямніцы Хрыста і новага жыцця, якому гэтая
таямніца дае пачатак.
Слова
Божае жывое і сёння таксама прамаўляе да кожнага з нас. Найсвяцейшая Маці,
дапамажы нам яго пачуць і зразумець.
Першы
цуд, які ўчыніў Езус, адбыўся на вяселлі. Такім чынам ён падкрэсліў, якую
вялікую вартасць мае шлюб і сям’я, і асвяціў яе сваёй прысутнасцю.
Які
сёння погляд на шлюб і сям’ю? Паразважаем у гэтай медытацыі, ці бессэнсоўна,
бескрытычна, не ўсведамляючы, мы не прымаем погляды, якія сёння
распаўсюджваюцца? Ці нашая ўражлівасць не дэградуе, калі мы аглядаем фільмы,
якія паказваюць дрэнныя прыклады паводзінаў? Што мы робім, каб дзяцей і моладзь
прыцягваў прыклад вернага шлюбу і сям’і, якая клапоціцца пра ўзаемную любоў?
Пане
Езу і Найсвяцейшая Маці, просім у вас сёння прабачэння за ўсе грахі, учыненыя ў
сямейным жыцці, за дрэннае выхаванне моладзі да сямейнага жыцця, за прыняцце
памылковых і грэшных выбараў маладых людзей. Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам
зрабіць добрыя пастанаўленні. Дай сілу практыкаваць іх у жыцці.
Пан
Езус прыняў удзел у вясельнай ўрачыстасці. Ён даў нам зразумець, што забава і
адпачынак патрэбныя чалавеку, але спалучыў іх са справамі веры. Для хрысціяніна
кожная забава можа і павінна прыносіць нейкі плён для духа, будаваць добрыя
адносіны паміж людзьмі, у якіх мы ўзаемна адорваем любоўю і дабротамі
інтэлектуальнымі.
У нас
жа здараецца, што, калі маладыя хочуць вяселля без алкаголю, адразу сустракаюць
супраціў сям’і і родных.
А як
выглядае нашая забава, вяселле? Якую мы слухаем музыку? Ці Пан Езус і Яго Маці
маглі б быць на нашым вяселлі, прыняць удзел у нашай забаве?
Мы
перажываем з-за крызысу сям’і. Дзе шукаць дапамогі? Таямніца цуду ў Кане
Галілейскай паказвае нам Маці Божую чулую і далікатную, якая бачыць усе патрэбы
сям’і і гатовая заступацца за нас перад Сынам. “Ня маюць віна” (Ян 2,
3б). Гэтае віно з’яўляецца сімвалам недахопаў матэрыяльных і духоўных, якіх так
шмат. Найсвяцейшая Маці заўважае іх і кажа: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”
(пар. Ян 2, 5).
Калі
мы будзем слухаць Езуса, выконваць Яго волю, то нам хопіць хлеба і ласкі Божай.
Але ці мы шукаем спачатку Божага Владарства, каб усё іншае было нам дадзена?
Цуд,
які ўчыніў Езус па просьбе сваёй Маці, паказвае Яе, як нашую Хадатайніцу, Тую,
што мае ўладу над Сэрцам Бога і сваёй просьбай можа прыспешыць Божае дзеянне.
Езус сказаў, што яшчэ не прыйшла Яго гадзіна, але ўчыніў цуд.
Таму
Езус звярнуўся да Марыі, называючы Яе Жанчынай, а не Маці. Ён хацеў падкрэсліць
Яе новую годнасць у адносінах да ўсяго чалавецтва. Яна – гэта тая абяцаная ў
раі Жанчына, патомства Якой раструшчыць галаву змея. Другі раз Ён назваў Марыю
Жанчынай, калі з крыжа абвясціў Яе Маці ўсіх веручых.
Цяпер
Яго гадзіна яшчэ не надышла, гэта тая гадзіна, вызначаная Айцом, калі павінна
здзейсніцца адкупленне, каб адчыніць людзям дзверы Валадарства Божага і адарыць
дарамі новага жыцця. Вяселле ў Кане – гэта знак Эўхарыстычнай Вячэры, калі не
вада была перамененая ў віно, але віно ў Найсвяцеўшую Кроў Хрыста. Каменныя
збаны ўмясцілі шмат літраў віна – багацце ж надзвычайных эўхарыстычных дароў
ніхто не змерае.
Таямніцу
Эўхарыстыі мы можам пазнаць дзякуючы веры. Яна недасягальная нашым думкам і
розуму. Толькі ў вечнасці, на Вячэры
нябеснай, Пан разарве заслону і мы ўбачым Яго хвалу і веліч. Ён будзе служыць
на гэтай вячэры тым, хто быў Яму верным і насыціць іх душы шчасцем.
Цяпер
Анёл Супакою з Фацімы нагадвае нам, каб мы з верай і пашанай пакланяліся Пану,
укрытаму ў Найсвяцейшым Сакраманце, і перапрашалі за тых, хто Яго зневажае.
Нахіліўшыся да зямлі, Анёл маліўся з дзецьмі наступную малітву: “Божа мой,
веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу, каб Ты прабачыў
тых, што не вераць у Цябе, не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць
Цябе”.
Не
так шмат слоў Маці Божай запісалі Евангелісты. У “fiat” Марыя сказала, што сама выконвае волю Бога. Потым у Кане вучыла гэтаму
іншых: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.
Сёння
ў Фаціме Яна нагадвае словы Хрыста, запісаныя ў Евангеллі, заклікаючы да
навяртання і паслухмянасці. Таксама ў шматлікіх, цудоўных абразах, Яна ўказвае
рукой на Свайго Сына, як бы кажучы гэтым жэстам: “Зрабіце ўсё, што Ён вам
скажа”.
Ці
будзем мы, як слугі з Каны, што слухаюць слова Пана і Яго Маці і выконваюць Яго
загады? Каб распазнаць голас Бога, трэба быць чулым, свядомым таго, што
адбываецца ўва мне і ў вонкавым свеце. Чуласць можа дапамагаць пазбягаць граху,
заўважыць магчымасці нейкага дабра, быць уражлівым на натхненні.
Мы
прагнем змены – нас саміх, нашых сямей, нашай Айчыны, свету… Мы адчуваем сябе
бездапаможнымі перад праблемамі, слабымі перад абліччам зла. Можа таму мы так
мала прымаем у сэрца пасланні Найсвяцейшай Маці і так мала робім, каб выканаць
Яе жаданні? А Яна абяцае нам змены. “Калі будзе зроблена тое, што я кажу,
шмат будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой”.
Услухаемся
сёння падчас гэтага разважання ў словы Маці Божай. Чаго Яна чакае ад усіх нас,
чаго жадае ад мяне? Якой “вадой” мне трэба напоўніць мае “збаны”? Як
супрацоўнічаць з ласкай?
Найсвяцешая
Маці, просім сёння прабачэння за недахоп веры і паслухмянасці. Заступайся за
нас перад Сынам! Выпрасі нам ласку змены! О Пані наша, Апякунка наша,
Заступніца наша, Суцяшальніца наша! Амэн.
РУЖАНЕЦ
Таямніцы святла
Цуд у Кане Галілейскай
Марыя
прысутнічае падчас цуду ў Кане Галілейскай. Гэта першы цуд, які зрабіў Яе Сын.
Цуд, які паказваў механізм кожнага чарговага знаку і цуду, зробленага Езусам.
Ён быў учынены, каб мы паверылі ў Бога. Паказвае ён таксама яшчэ нешта
цудоўнае: еднасць Сэрцаў Маці і Сына. Марыя і Езус клапоцяцца пра тое ж самае:
пра выкананне Божай волі ў свеце.
Гэта
найпрыгажэйшы ідэал, які Евангелле ставіць перад нашымі вачыма: быць адным з
Сэрцам Езуса, жадаць заўсёды таго ж самага, што і Ён, радавацца таму, што Ён, і
плакаць па той самай прычыне, што і Ён. Просьма Найсвяцейшую Маці аб гэтай
асаблівай ласцы з’яднання нашых сэрцаў з Езусам – на ўзор Яе Беззаганнага
Сэрца.
Абвяшчэнне Божага Валадарства
Езус,
абвяшчаючы Валадарства, казаў таксама некалькі разоў пра сваю Маці. Сувязь,
якая яднала Яго з Марыяй, указвала на ўзор хрысціянскага жыцця. Памятаем пра
словы, якія былі адказам на публічную пахвалу Яго Маці… Пан сказаў тады: “Так,
але блаславёныя тыя, што слухаюць слова Божае і захоўваюць яго”. Езус хоча
звярнуць нашую ўвагу на таямніцу сувязі духа, якая нараджаецца праз слуханне
Божага Слова і яго захоўвання.
Марыя
нястомна разважала над словам у Свам Сэрцы. Няхай Яна выпрасіць нам у Бога
падобны дар, каб мы, як Яна, сталі на сцежку блаславенстваў.
Перамяненне на гары Табор
Гара Табор
адкрывае на хвіліну таямніцу Боскасці Езуса. Але толькі на момант, толькі ў
прысутнасці трох апосталаў, толькі дзеля таго, каб падрыхтаваць вучняў да
выпрабавання крыжам. У сваім навучанні Езус застаецца Сынам Марыі, які
выхоўваўся ў доме цесляра, які не мае, дзе прытуліць галавы, і не носіць
каралеўскага адзення. А, аднак, Ён Кароль! На гэтай зямлі ўліўся ў наш звычайны
свет: Ён як Марыя, убогая Служабніца Пана; Яго веліч застаецца ўкрытай ад
свету.
Часам
мы патрабуем знакаў з Неба. Але найважнейшае гэта нашае вытрыванне ў нашым
пакліканні, сапраўдная веліч якога застаецца схаванай ад людзей. Просьма Марыю,
каб Яна вучыла нас жыць у шэрай штодзённасці блізка да Бога, з вачамі,
скіраванымі ў бок вечнасці.
Устанаўленне Эўхарыстыі
Падчас
апошняй вячэры Хрыстос пакінуў нам заданне: “Гэта рабіце на маю памяць!”
Нам трэба спажываць Хлеб нашага Пана.
Нам трэба піць з келіха, што крые ў сабе Яго збаўчую Кроў. Але – калі мы
вучымся ў Маці Божай Фацімскай справе ўзнагароджвання за грахі сучаснага свету,
нашую ўвагу прыцягвае яшчэ нешта. Езус кажа, што Яго Цела будзе выдадзена за
нас, што Яго Кроў будзе пралітая для нашага збаўлення. Ці і гэтага Езус не кажа
нам чыніць у Яго памяць? Ці не павінны мы, як Ён, аддаць сябе ў ахвяры з грахі
свету?
Просьма
Найсвяцейшую Маці, каб Яна дапамагла нам зразумець, якое пакліканне прызначыў
нам Бог. Ці і мы былі пакліканыя да таго, каб, як Хрыстус, найлепшым чынам
узнагародзіць Богу за зло, якое знявольвае чалавецтва?