Смерць на крыжы

 


ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Пятая балесная таямніца

СМЕРЦЬ НА КРЫЖЫ 

   Дазволь сёння Найсвяцейшай Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табой. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе супакой. Няхай разважанне над таямніцай смерці Збаўцы будзе месцам тваёй сустрэчы з Марыяй. І ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе.

    Смерць. Немінучая хвіліна, якая чакае кожнага з нас, хоць многія не хочуць памятаць пра яе. Людзі ўцякаюць, калі гучыць слова “смерць”. Баяцца яго, бо для іх яно з’яўляецца сінонімам канца. Для сапраўдных хрысціянаў яно з’яўляецца чымсьці незвычайна важным: з аднаго боку гэта пачатак новага жыцця, з другога – выршыня жыцця тут, на зямлі.

   Твой адказ на пытанне аб смерці – гэта дасканалая праверка праўдзівасці Тваёй веры. Падумай: Чым для Цябе з’яўляецца смерць? Не шукай, аднак, падрыхтаваных фармуліровак з катэхізісу. Адкажы сэрцам… Як ты глядзіш на смерць? Як думаеш пра яе? Уцякаеш ад гэтай тэмы? Баішся яе? А можа глядзіш на яе з супакоем у сэрцы? Можа і тут вучышся быць “як Марыя”?

   Ці ведаеш ты пра тое, што кожны дзень размаўляеш з Марыяй аб смерці? Паўтараеш слова “смерць” нават сотні разоў! Кожны дзень просіш Найсвяцейшую Маці, каб Яна малілася за Цябе “у хвіліну смерці нашай”… Ці ты калі-небудзь задумваўся аб чым просіш, вымаўляючы словы, якія заканчваюць кожную Тваю малітву “Вітай, Марыя…”? Просіш, каб у тую хвіліну Марыя была блізка, каб узмацніла Цябе ласкай, каб смерць зрабіла сустрэчай з Богам. Молячыся да Найсвяцейшай Маці, ты прызнаешся, што на гэтую найвышэйшую вяршыню свайго жыцця ты не можаш забрацца сам, патрабуеш дапамогі з неба. Памятаеш абяцанні Марыі тым, хто будзе практыкаваць набажэнствы першых суботаў? “Прыйду з усімі патрэбнымі ласкамі ў гадзіну смерці…”. У найважнейшую хвіліну жыцця атрымаеш ад Маці ўсё, што будзе Табе патрэбна!

   Калі ты хочаш быць “як Марыя”, ведай, што гэтыя абяцаныя ласкі не будуць толькі для таго, каб Ты увайшоў да неба. Гэтыя ласкі зробяць так, што Твой пераход да Дому Айца зменіць свет, які пакідаеш. Памятаеш цуды звязаныя са смерцю Яна Паўла ІІ? У першую суботу красавіка 2005 г. Марыя прыйшла да яго з усімі ласкамі, патрэбнымі яму для збаўлення і патрэбнымі ласкамі перамены ў свеце таго, што нічога не было здольнае змяніць. Памятаеш тыя хвіліны, тыя навяртанні, паяднанні, абяцанні, узнёслыя малітвы, перамененыя жыцці? Гэта быў плён смерці, якую суправаджалі ўсе патрэбныя ласкі.

   Аб такой смерці ты просіш у малітве “Вітай, Марыя…”. Аб смерці падобнай да смерці Езуса на крыжы. Аб смерці, якая прыносіць збаўленне свету.

   Не важна калі і ад чаго ты будзеш паміраць, які будзе Твой крыж. Пакінь гэта Богу. Маліся, каб Твая смерць была святая: каб табе дала збаўленне, а многім людзям уратаванне ад патопу зла. Смерць Езуса збавіла свет, Твая смерць можа быць удзелам у Езусавай справе збаўлення свету. Так станецца, калі ты будзеш паміраць, як паслядоўнік Хрыста. Тваё паміранне павінна быць актам любові – не толькі да Бога, але і да бліжняга. “Ці хочаце вы ахвяраваць усе цярпенні, якія Бог спашле на вас?” – пыталася Марыя ў Фаціме, просячы, каб скласці іх Богу як ўзнагароду за грэшнікаў, якім пагражае вечнае асуджэнне. Смерць – гэта найвялікшая ахвяра, якую ты можаш прынесці як дар за загублены свет. Ці тады, калі Бог спашле яе Табе, ты захочаш ахвяраваць сваё цярпенне Найсвяцейшай Маці, каб збаўляць людзей? Такая смерць гэта не эгаістычная думка пра сябе, а фацімская думка пра іншых. Гэта найвышэйшы акт любові. Гэта быць як Хрыстус! Такая смерць збаўляе свет.

   Ніхто з нас не з’яўляецца такім моцным, каб самому набліжацца да смерці. Такая праўда таксама і пра Цябе. Таму, як чалавек адданы Марыі, ты прыбягаеш да Яе. Просіш, каб Найсвяцейшая Маці малілася за Цябе “цяпер і ў хвіліну смерці”. Каб Яна была з табой у хвіліну памірання, каб чувала каля цябе, як трывала пад крыжам свайго Сына, Езуса. Запрашай Яе ў сваё жыццё – у сваё “цяпер”, але ўжо цяпер запрашай Яе таксама ў сваё паміранне. Прасі, каб у апошнюю хвіліну жыцця Ты быў падобны да церпячага Збаўцы, які паміраў пры Маці.

   Памятай: Марыя стаяла пад крыжам Езуса – свайго Дзіцяці. Каб Яна стаяла каля Цябе ў гадзіну смерці, Ты павінен быць Яе дзіцём! Наслядуй Яе, вучыся ў Яе, жыві як Яна, палюбі Яе цноты! Няхай Твая пабожнасць будзе сапраўдная. Няхай перамяняе Тваё жыццё і жыццё іншых. Няхай не будзе – як асцерагаў св. Павел – “з выгляду пабожныя, а да моцы Божай варожыя ” (2 Цім. 3, 5). 

   Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Сваёй далонню Яна ласкае твой стомлены твар…


Балесныя таямніцы 

Малітва ў садзе аліўным 

   Надыходзіць час пагрузіцца ў змрочную таямніцу болю. Пранізвае нас холад саду аліўнага, а сэрца напаўняе страх. Перад намі паўстае балючае пытанне. Ці варта? Ці трэба?
  У адказ чуем той самы Божы заклік, які ведаў Езус: Мы павінны мець здольнасць заўважыць, што сэнс нашага жыцця не за намі, унізе, дзе лягчэй і прасцей жыць, але ў вышыні, дзе для нас падрыхтавана месца ў Небе. Перад намі стаіць складанае заданне, але абавязковае: нам трэба гэтаму навучыцца, трэба верыць у сэнс, які яшчэ прыйдзе, які з’явіцца ў таямніцы ўваскрасення. Трэба быць гатовымі цярпець, бо пасля - чакае перамога.
 Няхай нашыя сэрцы вучаць гэту праўду на памяць. Гэта навука на цяжкія хвіліны, на самотнасць, страх, пакінутасць і неразуменне. 
   У Садзе Аліўным Езуса мы вучымся прымаць крыж. 

Бічаванне 

   “Чувайце і маліцеся… Калі Пан цярпеў, будзе і слуга цярпець”. Узгадваем гэтыя словы Хрыста, які – страшна бічаваны – быў затрыманы катамі на парозе смерці. Зусім не з літасці, але для таго, каб можна было яму прычыніць наступны боль. І наступны, ажно да насычанасці іх д’ябальскага жадання крыві.
  Ці мы таксама павінны згадзіцца на такое цярпенне і быць побач са смерцю? Гэта складанае пытанне, але адказ адзін. Ведаем, што ні за які кошт не можам мы адысці ад Езуса. Мы павінны быць гатовымі на ўсё. Мы павінны падрыхтавацца да ачышчэння, якое чакае нас на дарозе крыжа. І не спыніцца на шляху, не адрачыся, не ўцячы. “Вы павінны быць моцнымі моцай любові, якая мацнейшая, чым смерць”, - заклікаў Ян Павел ІІ.
  Будзем памятаць: праз цярпенне Хрыста, “быў пераможаны сатана, пераможана смерць, перададзена жыццё, вернута надзея, дадзена святло” (Ян Павел ІІ).
   У сцэне бічавання вучымся заўважаць Божае вымярэнне цярпення. 

Укаранаванне цернем 

   Час затрымацца над таямніцай цярнёвай кароны. Яе насіў Езус, наш Пан, Кароль Неба і зямлі. Гэта карона цярпення, насуперак інтэнцыям яе творцаў, замест таго, каб прынізіць, адарыла Хрыста годнасцю. Ведаем Яго таямніцу – здольнасць прыняць цярпенне як ахвяру ўзнагароды за грахі. Кароль - гэта той, хто мае ўладу служыць. Калі трэба, ён гатовы служыць цярпеннем.
   Многія атрымалі гэту каралеўскую годнасць. Калі мы адважымся запытацца Езуса, якім чынам ён з’яўляецца “каралём”, адказ ажно раніць: праз укрытае цярпенне, праз невядомую нікому ахвяру, праз гатоўнасць на ўсё, каб толькі выратаваць бедных грэшнікаў.
  У сцэне ўкаранавання Езуса цярнёвай каронай вучымся разумець, як становяцца каралём. 

Крыжовая дарога 

   Ян Павел ІІ заклікаў: “Вышэйшая за смерцяносную нянавісць - (…) гэта любоў. Гэта любоў, якой Бог палюбіў свет ў Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым. Крыж з’яўляецца знакам гэтай любові. Крыж з’яўляецца знакам вечнага жыцця ў Богу”. Таму Папа хацеў, каб увесь свет “схіліўся ля падножжа крыжа, жыў і развіваўся ў яго ценю”. Сёння гэтае “распрасціранне ў ценю крыжа” нялёгкае. Гэта азначае, што нашыя асабістыя шляхі – гэта Крыжовая Дарога. Гэтак было ў часы папярэдніх пакаленняў, хто ведае, ці не напісана гэта і для нас. Хіба што зноў нагадаем пра надзею, якая перад намі…
   У сцэне ўкрыжавання вучымся кожны дзень жыць у ценю крыжа. 

Смерць на крыжы 

   Езус памірае на крыжы. Нам застаецца ўкленчыць пад гэтым крыжам і схапіцца за яго, каб прытуліліся да яго нашыя сэрцы. І каб мы былі разам з Езусам укрыжаванымі. І каб разам з Ім памерлі на крыжы збаўлення. Першай гэта ўчыніла Беззаганнае Сэрца Марыі на Галгофе, сёння гэта робім мы, аддадзеныя Ёй як Маці.
   Гэта з Марыяй мы вучымся аддаваць жыццё, каб вытрываць у вернасці Хрысту. Ян Павел ІІ кажа: “Пакутнікі маюць шмат чаго нам сказаць. Аднак, перш за ўсё яны пытаюцца нас пра стан нашых сумленняў”.
  Можа час зрабіць такі глыбокі рахунак сумлення, такую вялікую скруху і жаль, такое гарачае прагненне перамены жыцця, што мы памрэм для таго, што было, і ўсё станецца новым, а смерць пераменіцца ва ўваскрасенне? Так што мы не будзем больш баяцца пакутніцтва?

   Бо ў сцэне смерці Езуса мы атрымалі Марыю за Маці.

 

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!