Аб'яўленне Маці Божай

 І.  13 МАЯ 1916 Г. –
ПЕРШАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ 

Наша Дарагая Спадарыня сказала:

- „Не бойцеся! Я нічога вам не зраблю!"

- „Адкуль вы, Спадарыня?" – запыталася я.

- „Я з Неба!"

- „A чаго Спадарыня ад мяне хоча?"

-„Я прыйшла вас папрасіць, каб вы прыходзілі сюды на працягу шасці чарговых месяцаў, 13  дня ў тую самую гадзіну. Потым я скажу, хто Я і чаго жадаю. Пазней, я вярнуся яшчэ сёмы раз". (Сёмым разам было аб’яўленне ўжо 6 чэрвеня 1921 г., напярэдадні ад’езду с. Луцыі да Вар дэ Порта. Гаворка ідзе пра аб’яўленне з асабістым пасланнем для Луцыі, таму яна не лічыла яго такім важным).

- „Ці я таксама пайду да неба?"

- „Так!"

- „A Гіяцынта?"

- „Tаксама!"

- „A Францішак?"

- „Таксама, але павінен яшчэ маліцца шмат ружанцаў".

Я ўзгадала пра дзве дзяўчынкі, што не так даўно памерлі. Яны былі маімі сяброўкамі і вучыліся ткацтву ў маёй старэйшай сястры.

- „Марыя дас Нэвэс ўжо ў небе?"

- „Taк, ужо ў небе". (Здаецца, яна мела недзе 16 гадоў.)

- „A Aмелія?"

- „Яна застанецца ў чысцы ажно да канца свету". (Здаецца, ёй магло быць 18-20 гадоў.)

– (Але, канешне, не трэба гэта разумець дакладна. Да канца свету азначае вельмі доўгі час).

- „Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам пашле як узнагароду за грахі, якімі Яго неважаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?"

- „Так, хочам!"

- „Вы павінны будзеце шмат цярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай!"

Кажучы гэтыя апошнія словы (ласка Божая і г.д.) Яна распахнула ў першы раз свае рукі, перадаючы нам настолькі моцнае святло, як бы водблеск, выплываючы з Яе рук. Гэтае святло прасякнула нас да самай глыбіні душы і зрабіла так, што мы ўбачылі сябе ў Богу, які з’яўляецца нашым святлом, выразней, чым у найлепшым люстры.

Пад уплывам унутранага парыву, які нам таксама быў перададзены, мы ўпалі на калені і вельмі пабожна паўтаралі:

- „O Найсвяцейшая Тройца, праслаўляю Цябе. Мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакраманце".

Праз хвіліну Наша Дарагая Спадарыня дадала:

- „Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету і заканчэнне вайны!"

Потым пачала спакойна ўзносіцца ў бок усходу і нарэшце знікла ў бясконцай далечыні.

 

ІІ. 13 ЧЭРВЕНЯ 1917 Г.  -
ДРУГОЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ 

- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?"

- „Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 дня наступнага месяца, каб штодзённа маліліся на ружанцы і навучыліся чытаць. Пазней я скажу, чаго хачу".

   Я папрасіла аб аздараўленні аднаго хворага.

- „Калі ён навернецца, то выздаравіць на працягу года".

- „Я хацела б папрасіць, каб Спадарыня забрала нас да неба".

- „Так! Гіяцынту і Францішка я хутка забяру. Tы, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі больш мяне пазналі і пакахалі. Я б хацела ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца" (Тут з-за паспешнасці Луцыя не напісала канец сказу, які ў іншых дакументах гучыць так: „Хто яго прыме, таму я абяцаю збаўленне душы для аздобы Яго трону").

- „Я застануся тут адна?" – запыталася я са смуткам.

- „Не, дачка мая! Ты з-за гэта моцна церпіш? Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога". 

 

ІІІ. 13 ЛІПЕНЯ 1917 Г. -
ТРЭЦЯЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ 

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?" – запыталася я.

- „Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 дня наступнага месяца, каб далей маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой у свеце і заканчэнне вайны, бо толькі Яна можа выпрасіць гэтыя ласкі".

- „Я б хацела папрасіць, каб Спадарыня нам сказала, хто Яна і зрабіла цуд, каб усе паверылі, што Спадарыня нам аб’яўляецца".

- „Працягвайце прыходзіць сюды кожны месяц! У кастрычніку Я скажу, хто Я і чаго жадаю, а таксама зраблю цуд, каб усе паверылі".

Потым я сказала Ёй некалькі просьб, не памятаю ўжо, якія. Памятаю толькі, што наша Добрая Спадарыня сказала, што трэба маліцца на ружанцы, каб атрымаць гэтыя ласкі на працягу года. А потым працягвала далей:

- „Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “O Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі".

Пры гэтых апошніх словах Яна зноў распахнула рукі, як у два папярэднія месяцы. Промень святла, здавалася, праходзіў зямлю наскозь, і мы ўбачылі як бы мора агню, а ў гэтым агні былі дэманы і душы ў людскіх постацях, падобныя да празрыстых, распаленых вуглёў, якія плавалі ў гэтым агні.

Напужаныя, мы ўзнеслі вочы на нашу Спадарыню, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна поўная дабрыні і смутку, сказала нам:

- „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння. Але, калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія XІ пачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Калі аднойчы ноччу вы ўбачыце невядомае святло, (маецца на ўвазе незвычайнае паўночнае ззянне, якое можна было ўбачыць ноччу 25 студзеня 1938 г. па ўсёй Еўропе, таксама і ў Польшчы. Луцыя лічыла гэта знакам з неба) ведайце, што гэта вялікі знак ад Бога, што набліжаецца пакаранне для свету за яго шматлікія злачынствы, будзе вайна, голад, пераследванне Касцёла і Святога Айца.

Каб гэтага пазбегнуць, Я прыду прасіць аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і св. узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананныя, Расія навернецца і запануе супакой, калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе шмат цярпець. Загінуць розныя народы. У канцы, аднак, маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца, і на нейкі час у свеце запануе супакой. У Партугаліі назаўсёды будзе захаваны дагмат веры. Гэтага нікому не кажыце. Францішку можаце сказаць. Калі моліцеся на ружанцы, кажыце пасля кожнай таямніцы: „O мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба, а асабліва тыя, каму найбольш патрабна Твая міласэрнасць".

Настала хвіліна цішыні, а я запыталася:

-„Спадарыня больш нічога ад мяне не жадае?"

- „Не, сёння я ўжо нічога больш ад цябе не жадаю".

 

ІV19 ЖНІЎНЯ 1917 Г. - 
 ЧАЦВЕРТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ.

- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?"

- „Я хачу, каб вы далей прыходзілі да Кова да Ірыя 13 дня i штодзённа маліліся на ружанцы. У апошні месяц я ўчыню цуд, каб усе паверылі".

- „А што нам рабіць з грашамі, якія людзі пакідаюць у Кова да Ірыя?"

- „Зрабіце два перанасныя алтарыкі. Адзін будзеш насіць ты з Гіяцынтай і дзве іншыя дзяўчынкі, апранутыя ў белае, а другі няхай носіць Францішак і тры хлопчыкі. Грошы, якія ахвяруюць на гэтыя алтарыкі, прызначаныя на свята Маці Божай Ружанцовай, а рэшта на будаўніцтва капліцы, якая павінна тут быць пабудаваная".

- „Я б хацела папрасіць аздаравіць некалькі хворых".

- „Добра, некаторых Я аздараўлю на працягу года" – а потым з больш смутным выглядам сказала:

- Маліцеся, маліцеся шмат, складайце ахвяры за грэшнікаў, таму што шмат душаў ідзе на вечнае асуджэнне, бо няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся".  

 

V13 ВЕРАСНЯ 1917 Г. -
ПЯТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ 

- „Далей працягвайце маліцца на ружанцы, каб выпрасіць заканчэнне вайны. У кастрычніку прыйдзе таксама Наш Пан, Маці Божая Балесная і з Гары Кармэль, св. Юзаф з Дзіцяткам Езусам, каб блаславіць свет. Бог задаволены вашымі сэрцамі і ахвярамі, але не хоча, каб вы ў ложку мелі на сабе пакутны шнур. Насіце яго толькі на працягу дня".

- „Мне даручылі, каб я папрасіла Спадарыню аб аздараўленні аднаго хворага і аднаго глуханямога".

- „Добра, некалькіх аздараўлю, а іншых не. У кастрычніку я ўчыню цуд, каб усе паверылі". 

 

VІ. 13 КАСТРЫЧНІКА 1917 Г. -
ШОСТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ 
МАЦІ БОЖАЙ 

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?"

- „Я хачу сказаць табе, каб тут пабудавалі ў мой гонар капліцу. Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы. Вайна скончыцца і жаўнеры хутка вярнуцца да дому".

- „Я павінна шмат аб чым папрасіць Спадарыню: ці можа Спадарыня аздаравіць некалькі хворых і навярнуць некалькі грэшнікаў і ячшэ шмат чаго".

- „Адных так, іншых не. Яны павінны выправіцца і няхай просяць аб прабачэнні сваіх грахоў".

I са смутным тварам дадала:

- „Няхай людзі больш не зневажаюць Бога грахамі, Ён і так ужо вельмі зняважаны".

Яна зноў шырока распахнула рукі, прамянеючыя ў сонечным бляску. Калі Яна ўзносілася, Яе бляск адлюстроўваўся ў сонцы. […]

Калі наша Спадарыня знікла ў бясконцай далечыні нябёсаў, мы ўбачылі з боку сонца св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам і нашу Добрую Спадарыню, апранутую ў белае з блакітным плашчом. Мне здавалася, што св. Юзаф з Дзіцяткам блаславіць свет рухамі рукі на падабенства крыжа.

Хутка гэта візія знікла і мы ўбачылі Пана Езуса з Найсвяцейшай Маці. Мне падалося, што гэта Маці Божая Балесная.

Пан Езус, здавалася, блаславіў свет такім жа чынам, што і св. Юзаф. Знікла гэтая візія, і потым мне здалося, што я бачыла яшчэ Маці Божую з Гары Кармэль.