Другі дзень: пакора

 Другі дзень і другая інтэнцыя: пакора.

  Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да цябе ў другі дзень маёй навэнны, каб маліцца аб цноце пакоры.

Марыя, Маці мая, Давер мой, я звяртаюся да Твайго Найсаладзейшага Сэрца, просячы, каб Ты выпрасіла мне ласку быць Тваім пакорным слугой, а праз гэта таксама слугой Тайго Сына, майго Пана, Езуса Хрыста. Дазволь мне схавацца ў Тваім Беззаганным Сэрцы і жыць у ім у пакоры як супольнік святога каталіцкага Касцёла. Выпрасі мне ласку жыць у сапраўднай веры і мужна яе вызнаваць, каб я змог служыць з ахвотным і радасным сэрцам. Заступайся за мяне, о святая Маці Божая, Пасрэдніца ўсялякіх ласкаў, каб падчас кожнага выпрабавання я ўмеў сказаць радаснае “так” і “вось я”.

Няхай святая цнота пакоры, велічным узорам якой Ты з’яўляешся, о Божая Маці і заўсёды Дзева, сцеражэ мяне ад усялякай падазронасці, зайздрасці, нянавісці, занадта вялікай уражлівасці, захавання крыўды, думак пра тое, што я лепшы і важнейшы за іншых. Сагрэй цяплом Свайго Сэрца холад майго сэрца.

Дапамажы мне пакорна служыць Езусу Хрысту, які жыве ў душах маіх бліжніх. Няхай мяне ажыўляе жаданне несці паўсюль дапамогу, няхай мяне напаўняе радасць і сіла, бескампраміснасць адносна праўды і цалкавітае адданне сябе Твайму Беззаганаму Сэрцу, дасканалая еднасць з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса. Няхай мая пакора заквітнее даверам у моц Твайго заступніцтва. Ты клапоцішся аб маім збаўленні, Ты апякуешся Касцёлам і турбуешся аб яго развіцці. Будзь пры мне, каб я ўмеў служыць іншым у моцы Твайго Беззаганнага Сэрца і з непахісным даверам глядзець у будучыню.

Сцеражы мяне, о Беззаганная Маці, ад духа нязгоды і міжусобіцы, каб я мог жыць у супакоі і згодзе разам з усімі удзельнікамі маёй супольнасці і вёў іншых да еднасці ў веры каталіцкага Касцёла.

Марыя, Ты малілася: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер бласлаўляць мяне будуць усе пакаленні” (Лк 1, 47-48). Менавіта пакора зрабіла Цябе вялікай у вачах Пана.

Пашлі сваіх анёлаў, а перш за ўсё майго Анёла Апекуна, каб яны сцераглі мяне на маіх шляхах і вучылі жыць у пакоры.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.


 Акт даверу да

Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.