ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Чацвёртая
балесная таямніца
КРЫЖОВАЯ ДАРОГА
“Езус нёс крыж
за грахі мае і маіх непрыяцеляў.”
“Езус падаў
пад крыжам
за грахі мае і маіх непрыяцеляў”.
Бегінка
Сёння першая субота месяца. Гэта час, калі
мы прымаем запрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі да супольнага разважання над Яе
жыццём, такога блізкага з Сынам. Хочам на гэты час аддаліць усё, што нам
перашкаджае, што абцяжарвае нашае разважанне, даверым усё, што ёсць у нашым
сэрцы, Найсаладзейшаму Сэрцу Езуса і Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Даверым нашыя
перажыванні, клопаты, знойдзем час для сябе, для Бога, для Найсвяцейшай Панны.
Хочам
сёння быць бліжэй да Найсаладзейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
Хочам сёння пазнаваць Евангелле, вучыцца ў Найсвяцейшай Маці, як кахаць Езуса,
дазволіць весці сябе Беззаганнаму Сэрцу. Мы запрошаныя нашым Госпадам, Сябрам і
Братам, суправадажаць Яго, як Панна верная, у Яго справе, разам з Ёй, кахаючы
Яго, як Яна, молячыся за людзей, што патрабуюць Божай Міласэрнасці. Вучымся ў
Яе, наймілейшай Маці, скарыстайма з запрашэння да Яе школы, школы марыйнай, да
якой належыла так шмат святых і блаславёных. Нам таксама патрэбная дапамога
Маці Езуса.
Просім Духа Святога, Крыніцу супакою і
мужнасці, зрабіць нас здольнымі разважаць над таямніцай нясення крыжа. Гэта
таямніца нашага збаўлення – жыцця Езуса, жыцця Панны Марыі, а таксама нашага
жыцця. Просім дару мудрасці, адкрытых сэрцаў, каб разам з Маці Божай разважаць
над балеснымі таямніцамі ружанца, як нам іх падае Евангелле.
Папросім Маці нашага Збаўцы, каб Яна
суправаджала нас марыйным шляхам, бо мы хочам разважаць над таямніцамі Яе жыцця
і паклікання, настолькі важнымі для Яе, і асабістымі справамі. Нам патрэбна
марыйная вера, надзея, суцяшэнне, падтрымка і дапамога Беззаганнага Сэрца
Марыі, мы хочам набрацца адвагі і моцы ў Яе прысутнасці.
Найласкавейшы Езу, поўны міласэрнасці, Ты
пажадаў прыняць мае правіны, грахі, слабасці, падзенні, а таксама нас усіх:
маіх блізкіх, сем’і, знаёмых, сяброў і тых, з кім нам цяжка жыць, хто нас
раніць, хто нас раздражняе, хто нас крыўдзіць… Міласэрны Збаўца, Ты прыняў на
сябе ўсе выпадкі, калі мы не апраўдалі спадзяванняў і, калі нас пакрыўдзілі.
Усё гэта ты ўзяў з сабою, узяў на плечы як крыж, усё ўзяў на сябе.
Наблізімся сёння да таямніцы нясення крыжа.
Гэта падзея, на якую Езус згадзіўся толькі дзеля нас, дзеля нашага збаўлення,
для ўратавання свету. Гэта падзея, перад якой Езус маліўся ў садзе аліўным і
ўвесь дрыжаў, прадчуваючы тое, што Яго чакае. Дзеля нас, аднак, Ён прыняў
крыжовы шлях, пакуту і смерць, з даверам да Айца. Любоў да нас, грэшных людзей,
была настолькі вялікай, што нічога не паўстрымала Езуса ад прыняцця пакутаў,
раздзіраючых сэрца і цела. Ён не засцярог ад гэтага нават сваёй Маці –
Беззаганнае Сэрца суправаджала Сына на гэтым шляху, разам цярпела,
падтрымлівала малітвай і сваёй прысутнасцю. Маці найцудоўнейшая, Маці верная
засталася побач з Сынам. Яна не ўцякла, не адышла, засталася так блізка, як
магла, прызнаючы Яго, знаходзячыся так блізка, наколькі магчыма, нязломная,
непераможная, засяроджаная на Сыне, не баючыся жаўнераў ці насмешнікаў. Добра
ганарыцца Сынам, які здзіўляе, якога хваляць, які аздараўляе ці памнажае хлябы.
Цяжэй слухаць розныя заўвагі людзей, што хацелі б нешта ў Езусе змяніць паводле
сваіх патрэбаў. Яшчэ цяжэй бачыць любую асобу ў драматычнай сітуацыі – Ён
пабіты і высмеяны, асуджаны на смерць, ідзе цяпер сярод людзей, акружаны
жаўнерамі, з цяжкасцю несучы вялікі цяжар, да наступнай пакуты. Марыя гэта
ведае, Марыя павінна гэта знесці, калі хоча быць вернай Сыну, калі Ён для Яе
найважнейшы.
Вось адвага любячай незапалоханай Панны –
Яна не адыходзіць, не ўцякае… Па-рознаму людзі ўяўляюць найсвяцейшую Маці
падчас пакуты Сына: часам не так, як апісваюць сведкі, але напэўна з добрымі
намерамі, проста ажыўляючы сваё ўяўленне.
Слуга Божы, кардынал Вышынскі, часта
разважаючы над таямніцамі ружанцовымі, з націскам нагадваў, што Балесная Маці,
Панна моцная, не ўпадала ў роспач, не губляла прытомнасці, не паддавалася
пачуццям, не выказвала сваю роспач – Яна была цалкам засяроджаная на Сыне.
Менавіта Яна першай была гатовая вырачыся сваіх пачуццяў і суправаджаць Яго на
страшным балесным шляху, не звяртаючы ўвагі на людзкія погляды. Для Марыі быў
толькі Езус, толькі на Яго Яна глядзела, Яго хацела слухаць і быць з Ім. Яна не
губляла каштоўных апошніх хвілінаў побач з Сынам на папрокі, пустыя словы,
гаворкі пра сябе. Яна хацела быць побач, хацела падтрымаць любага Сына.
Евангелле нічога не кажа пра пачуцці Марыі. Мы ведаем толькі, што Яна ішла за
Ім, за Сынам, які нёс крыж. Такіх жанчын можна сустрэць у шпіталях, прытулках,
побач з дзецьмі, з блізкімі – яны побач з церпячымі, паміраючымі, хоць і не
могуць іх аздаравіць, але не адыходзяць, падаюць, прыносяць, прысутнічаюць – як
Анёл Ахоўнік. Гэта вялікая спакуса чалавека – калі нельга дапамагчы, змяніць
сітуацыі – адысці, знікнуць, забыцца. Нясенне крыжа азначае для Марыі сітуацыю,
якую Яна не можа змяніць. Дапамагчы – толькі малітвай. Езус прыняў пакуту за
грахі людзей, Ён не шкадуе для ўласнай Маці цярпенняў і відовішча закатаванага
Сына, у дадатак чакае ад Яе, што Яна Яго зразумее, што не будзе папракаць
грэшнікаў, што будзе за іх маліцца… І Маці не падводзіць Сына, з болем на гэта
згаджаецца, прымае рашэнне Сына ўсім Беззаганным Сэрцам. Як прасякнута заўважае
Прымас Тысячагоддзя: Марыя павінна была стрымаць нават жаданне дапамагчы Езусу,
сваю гатоўнасць аблегчыць Яго пакуты. Яна разумее, разумее Волю Бога, церпіць і
не адыходзіць.
Падумаем пра нас саміх, пра людзей, што нас
не пакінулі ў няшчасці, сораме, болю, былі з намі, ні думаючы ні пра сябе, ні
пра іншых людзей. Падумаем пра тых, што былі гатовыя дапамагчы, ня гледзячы на
тых, што абураліся на нас, смяяліся з нас, калі мы былі слабыя і самотныя, можа
ня ўдалася нам дапамагчы, але яны не пакідалі нас адных. Гэта пастава марыйная,
гэта важная стацыя на шляху марыйнай духоўнасці: быць побач у найбольш цяжкім
выпадку. Не паддавацца абурэнню, людзкім думкам, не баяцца сораму быць з
кімсьці ў балесных таямніцах.
Езус ужо не цудатворца, які захапляе
натоўпы, ужо не памнажае хлябоў, не абвяшчае цудоўных казанняў, не тлумачыць
прыпавесцяў… не ўваскрашае, не аздараўляе… а, аднак, гэта Яго крывёю мы
аздароўленыя, у Яго ранах нашае здроўе, хоць ніхто не хацеў Яго бачыць,
амінаючы Асуджанага са знакам пакарання і ганьбы, хутка амінаючы Яго, збітага
вязня… крыжовы шлях – такі яўны, публічны, і адначасова такі ўкрыты, шмат для
каго незразумелы…
Шмат хто з нас або нашых блізкіх перажывае
крыжовы шлях. Па-рознаму ён выглядае, але напэўна мае шмат агульнага са шляхам
Хрыста. Гэтае публічнае цярпенне мае шмат сведкаў – абыякавых, абураных,
насмешлівых, спачуваючых з далёк, з пагардлівымі позіркамі… У хвіліны поспеху ў
нас было шмат знаёмых, на крыжовым шляху няшмат іх відаць… Хоць можа здарыцца і
так, што нехта са спачуваннем заплача па нас, можа хтосьці нечакана вытра нам
твар, каб дадаць надзеі, можа хтосьці, каго раней нават не было, дапаможа нам
несці гэты крыж, знак сораму, пакарання, ганьбы…
Прымем жа крыжовы шлях – наш ці нашых
блізкіх – хадзем са зразуменнем, як Езус, як Марыя. Прымем жа тое, што нам
баліць, тое, што мы маем права баяцца, падаць, як Езус. Прымем жа тое, што гэта
не пакаранне за нешта, не правіна, але ўдзел у крыжовым шляху Сына Марыі. Яго
пхалі, білі, штурхалі, Ён ішоў ледзь жывы, несучы цяжар па-над Яго сілы, не
было ў Ім тады прыгажосці і бляску, каб на Яго паглядзець. Ад Яго адварочвалі
твары, бы гэта было цяжкае відовішча. Паглядзім на Маці Асуджанага – Яна
цярпела, была недалёка, верная, прысутная, блізкая. Што ж Ёй казалі? Што Яна
павінна была слухаць? Як адносіліся да Яе Езуса? Евангелле вельмі нешматслоўнае,
аднак, мы ведаем, як рэагавалі людзі, нават тыя, што не мелі нядобрых намераў,
на публічныя знявагі, пакуты, якія могуць здавацца нават заслужанымі. Дзе ўсе
тыя, што былі побач з Езусам тры гады? Дзе апосталы? Езус сам вымушаны несці
крыж на гару, дзе Яго зноў сустрэне боль і смерць. Дапамагае адзін чалавек, якога
прывялі жаўнеры. Як жа ўдзячная была яму Найсвяцейшая Маці! Гэта першы, хто
ідзе ўслед за Езусам, першы, хто нясе Яго крыж! Напэўна, ён не быў у гэты
момант задаволены: Лука выразна піша, што гэта была думка рымскіх жаўнераў,
якія яго затрымалі, прымусілі… Заўважым, аднак, што Марк, паказваючы Сымона
Кірынейскага, запісвае, што гэта быў айцец Аляксандра і Руфуса. Гэта тыя самыя
імёны, якія назаве ў прывітальным лісце св. Павел. Ці ж гэта не вялікая ласка?
Сымон, які не па сваёй волі нёс крыж Езуса, наблізіўся да Яго ў найцяжэйшую
хвіліну Яго жыцця і паверыў у Хрыста разам з усёй сям’ёй. Можа і нас прымусілі
несці якое-небудзь цярпенне, дапамагаць некаму, і толькі з часам мы зразумеем,
што быў гэта час вялікай ласкі…
Некаторыя могуць адчуваць сябе няёмка,
разважаючы над таямніцамі нясення крыжа. Гэта не апошняя балесная таямніца,
гэта чарговы этап. Няма хуткага суцяшэння, няма цудоўнай Божай інтэрвенцыі,
трэба дайсці да чарговай балеснай таямніцы. Езус сам ішоў гэтым шляхам і не
трэба здзіўляцца, што і мы ім ідзем. Памятайма словы Хрыста: “Калі хто
хоча пайсці за
Мною, няхай адрачэцца ад
сябе, возьме крыж
свой і ідзе
за Мною” (Мц 16, 24). Возьмем жа
свой крыж у надзеі, у веры, у любові, з Езусам, з Марыяй, з Касцёлам, які нясе
грахі сваіх супольнікаў і моліцца за іх.
Застанемся побач з Тым, хто нясе крыж, побач
з Маці Асуджанага. Паспрабуем знайсці сябе ў гэтай сітуацыі. Нашае сэрца
падкажа нам, дзе мы цяпер. Просім, каб нашая прысутнасць несла суцяшэнне і
падтрымку тым, хто ідзе крыжовым шляхам. Просім, каб мы былі на крыжовым шляху,
як нашая Маці, без страху, без сораму, што мы побач з церпячым Сябрам,
прыніжаным Настаўнікам, які нясе крыж за нашыя грахі.
О Марыя, Маці нашага Збаўцы, Спадарожніца
Адкупіцеля, Маці Таго, хто нясе крыж, Маці Балесная, Маці Асуджанага! Панна
верная, Вучаніца Божая, Маці міласэрнасці, просім, маліся за нас цяпер і падчас
нашага крыжовага шляху! Прасі Духа Божага, Духа Ажывіцеля, каб Ён адкрыў нашыя
вушы і сэрцы, няхай пераменіць нашыя сэрцы на ўзор Твайго Беззаганнага Сэрца.
Амэн.
Малітва ў садзе Аліўным
Разважай над таямніцай Аліўнага Саду. Ці ты ведаеш, чаму Езус пацеў
крывёю? Не ад страху перад цернямі. Не таму, што павінна было адбыцца, а таму,
што Яго ўжо сустрэла! Ён ужо тады цярпеў, плакаў! Плакаў, бачучы, што Яго
ахвяра не будзе прынятая чалавецтвам, а гэта значыць, што яна будзе ў людзях
паміраць, не прынясе поўных плёнаў. Можна засумнявацца ў сэнсе такой ахвяры, це
не? Хіба толькі Богу ты давяраеш бязмежна…
Гэтае цярпенне Аліўнага Саду было звязана таксама і з табой. Але
памятай, гэта ўжо не абавязкова. Трэба толькі пачаць жыць так, як гэтага прагне
Бог. Табе трэба прыняць ласкі, якія Ён табе дае. Насычаць сябе імі. Несці іх
іншым і казаць ім пра Марыю, бо гэтага хоча сёння Бог.
Сёння ласкі плывуць з Яе Беззаганнага Сэрца.
Бічаванне Езуса Хрыста
Фізічны боль? Напэўна не адзін раз ты яго адчуваў. Але задай сабе сёння
пытанне: “Што ты зрабіў з гэтым цярпеннем? Ці ты ахвяраваў яго Богу за тых,
каму пагражае цярпенне, якое нават немагчыма ўявіць?”. Мы ведаем толькі, што
яно вялікае і вечнае. Гэта цярпенне вечнага асуджэння.
Ці ты можаш думаць не толькі пра сябе і свой боль, але таксама пра
цярпенне іншых людзей? Наколькі ты станеш падобным да Найсвяцейшай Маці, калі
адкрыешся на Бога не толькі ў хвілінах радасці і прыгожых духоўных
перажыванняў, але і ў хвіліны цярпенняў, прыніжэнняў, адштурхненняў,
прайгравання жыцця! Ад цярпення і болю не ўцячэш, дык што ж з ім рабіць?
Выкарыстай яго ў сваім імкненні да святасці і ратавання грэшнікаў.
Як Збаўца.
Укаранаванне цернем
Паразважай, ці тваё ўяўленне пра караля, зямнога валадара падыходзіць
Езусу – Валадару. Не? Ці ведаеш чаму? Бо
Езус Валадар: Ён сам пра гэта сведчыў, так называлі яго тыя, што адзелі на Яго
галаву карону з церняў. Сапраўды, наш Збаўца – Валадар, яле, як Ён сам казаў,
Яго Валадарства не з гэтага свету. А Яго карона - з церняў: Ён Твой Пан, бо Ён
збавіў нас праз любоў гатовую на кожнае цярпенне.
Ці ты гатовы валадарыць разам з Езусам? Згадзіцца цярпець разам з Ім,
каб уратаваць людзей ад вечнага асуджэння?
Крыжовая дарога
Столькі Божых думак стукаецца ў гэтай таямніцы да нашых сэрцаў. Сёння ты
глядзіш на сцэну, у якой Езус бярэ крыж на свае плечы. Прыняў крыж, ведаючы,
што Яго місія хутка выканаецца. Цяпер усе будуць мець магчымасць удзельнічаць у
вечнай радасці. Няхай і цябе агарне прагненне, каб нічога з гэтай ахвяры не
было змарнавана. Бог хоча, каб кожная душа была з Ім у нябесным доме. Маліся
разам з Марыяй, каб Бог змякчыў душу кожнага чалавека і абудзіў у ім прагненне
вяртання да дабра. Вучыся ўдзельнічаць у прагненні Езуса валодаць душамі.
Тое, каб душы братоў і сясцёр не загінулі, з’яўляецца таксама мэтай
твайго жыцця. Нясі свой крыж настолькі ахвотна, як рабіў гэта Езус. Ахвяруй Яму
сваю хваробу, цярпенне, клопаты, няўпэўненасць, каб такім чынам выпрасіць для
грэшнікаў ласку збаўлення.
Смерць на крыжы
Езус памірае на крыжы. Ці ведаеш ты пра тое, што Ён памірае за Цябе? У
Бога няма абстракцыі. Калі Збаўца памірае ў пакутах, у Яго перад вачамі
дакладнае чалавечае жыццё, дакладныя асобы, а боль, які яго прасяквае, гэта
боль справакаваны дакладнымі грахамі. Паміраючы, Ён глядзіць на тваё жыццё.
Падумай, колькі Ён церпіць з-за тваіх жыццёвых выбараў, рашэнняў, якія ты
прымаеш. Падумай, колькі сёння ў тваім сэрцы зла: непрымання некага, можа нават
нянавісці, колькі пагарды, колькі эгаізму, колькі думак пра гэты свет. Ты
спавядаешся, жалееш, але пэўныя структуры зла ўсё яшчэ жывуць у табе. А можа
нават настала жыве ў табе нейкі грэх?
Паспрабуй паглядзець на сябе вачамі паміраючага Хрыста. Падумай, колькі
Ён бачыць у табе повадаў, каб прыняць на Сябе крыжовую муку.
Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!