Трэці дзень: паслухмянасць

 Трэці дзень і трэцяя інтэнцыя: паслухмянасць.

  Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў трэці дзень маёй навэнны, каб маліцца аб цноце паслухмянасці.

Выпрасі для мяне, Найсвяцейшая Маці, дух паслухмянасці, каб я ўмеў адказваць на кожнае натхненне Духа Святога, які жыве ў маім сэрцы. Дапамажы, каб я заўсёды памятаў, што паслухмянасць нараджаецца з прагнення з’яднаць маю волю з воляй Божай. Абранніца Духа Святога, выпрасі мне праз Сваё заступніцтва ласку адкрывацца на натхненні Духа і кіраўніцтва анёлаў, якія імкнуцца заахвоціць мяне да мыслення і дзеяння згодна з воляй Божай.

Я жадаю падпарадкоўвацца ўсялякай законнай уладзе, як у сэрцы, так і ў жыцці, і пазбягаць бунту і высноваў, якія з’яўляюцца прычынай думак пра помсту. З’яднаны з воляй Божай і з Тваім Беззаганным Сэрцам, о Марыя, я атрымаю супакой духа і еднасць Найсвяцейшай Тройцай.

Выпрасі мне, чалавеку, якога Ты так моцна любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, о Марыя, ласку паслухмянасці Божаму закону і святому Касцёлу. Тады ласка пакоры, аб якой я таксама малюся падчас гэтай навэнны, будзе суправаджаць выконванне Божай волі і загадаў, што будзе таксама для большай хвалы Божай і паспрыяе збаўленню душаў.

Заступайся за мяне, о хвалебная Маці, каб я заўсёды памятаў пра тое, што паслухмянасць падабаецца Богу, азначае складванне ахвяры з уласнай волі на карысць волі Божай. Няхай мой дух наследуе Цябе, Найсвяцейшая Маці, калі Ты адказвала анёлу: “Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова!” (Лк 1, 38).

Выпрасі мне, о поўнае любові Сэрца Марыі, ласку асаблівай павагі і паслухмянасці Святому Айцу і біскупам, якія навучаюць у еднасці з Вікарыем Езуса Хрыста на зямлі.

Дапамажы мне, жывучы ва ўкрыцці Твайго Беззаганнага Сэрца ў духу вернай паслухмянасці, жыць згодна з патрабаваннямі Касцёла і служыць Езусу Хрысту і Табе, Маці і Пасрэдніца.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

  Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.