Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.
Любоў Твайго
Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце,
дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю
Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса,
можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да
пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне
Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.
Маці мая, Давер мой,
будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя
ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць
у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным
Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы
бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага дзіцяці, якое жыве яшчэ на зямлі. Амэн.