ВЯСНА 1916 г. АНЁЛ АБ’ЯВІЎСЯ НАМ ПЕРШЫ РАЗ У ЛОКА ДЭ КАБЭКА.
Наблізіўшыся да
нас, ён сказаў:
-„Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной".
Ён укленчыў і схіліў галаву да самай зямлі.
Захопленыя надзвычайнай сілай, мы рабілі тое самае і паўтаралі словы,
якія ён казаў:
-„O мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю
Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу прабачэння за тых, хто ў Цябе не верыць,
хто Цябе не праслаўляе, хто Цябе не любіць і не давярае Табе".
Пасля таго, як ён паўтарыў малітвы тры разы, ён узняўся і сказаў:
-„Так вы павінны маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы". І знік.
1916 г. НАСТУПНАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ БЫЛО ЛЕТАМ.
Раптам мы ўбачылі
перад намі таго ж самага Анёла:
- „Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць
аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і
ўтаймаванні".
- „Як нам трэба гэта рабіць?" – запыталася я.
- „З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, якія Бог вам спашле".
Ён трымаў у руцэ
келіх, над якім была Святая Гостыя, з якой да келіха сплывалі кроплі Крыві.
Раптам келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы
паўтарыў малітву:
- „Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын, Дух
Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і
Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах
усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якімі Яго
абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва
Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў.”
Потым, уздымаючыся з каленяў, ён ізноў узяў у руку келіх і Гостыю.
Гостыю даў мне, а тое, што было ў келіху даў выпіць Гіяцынце і Францішку,
адначосова кажучы:
-„Прыміце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі
людзьмі. Узнагароджвайце за іх грахі і суцяшайце вашага Бога!"
Потым ён зноў укленчыў і тры разы прачытаў з намі тую самую малітву: „Найсвяцейшая Тройца" i знік.