Пяты дзень: ціхасць

 Пяты дзень і пятая інтэнцыя: ціхасць.

  Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў пяты дзень маёй навэнны, каб маліцца аб цноце ціхасці.

Найсвяцейшая Марыя, Каралева супакою, узвышаная па-над анёламі і святымі! Ты знаходзішся ў хвале неба, а Тваім удзелам з’яўляецца магчымасць  сузіраць Найсвяцейшую Тройцу, аглядаць Бога “тварам у твар” – такім, які Ён ёсць (1 Кар 13, 12). Выпрасі мне ласку, каб усё, што я кажу, я казаў у любові, а маё маўчанне не было ў гневе, у заўзятасці, захаванні крыўды, нянавісці, але было святой цішынёй, якая адкрывае сэрца на Божае слова.

Ты, якая разважала над Божым словам у Сваім Беззаганным Сэрцы, выпрасі для мяне ласку, каб я не паддаваўся рассеянасці, якую нясе з сабой свет. Я хачу не дапусціць да сябе ўплываў гэтага свету. Я хачу дазволіць Богу напоўніць сябе скарбамі Яго ласкаў. Менавіта ў святой цішыні я магу зразумець, што такое Боскія багацці і таямніцы, укрытыя ў Сэрцы Езуса.

Святы Юзэфе, апякун Езуса Хрыста і абраннік Марыі, ты так палюбіў цішыню, што святое Пісанне не занатавала ніводнага твайго слова. Аднак жа ў сваёй цішыні, якую ты выбраў, ты стаўся найсвяцейшым сярод найсвяцейшых і стаіш побач з Езусам і Яго Маці. Праз сваё заступніцтва, з’яднанае з заступніцтвам Тваёй Абранніцы, выпрасі для мяне ласку наследаваць дух твайго маўчання, як у сэрцы, так і ў жыцці.

О Святая Сям’я, Езу, Марыя і Юзэфе, вызваляйце мяне ад шуму, які апанаваў свет, і ад яго рассеянасці, каб я выразней мог чуць голас майго Пана і Збаўцы. Няхай узорам для мяне будзе цішыня, якая панавала ў вашым назарэтанскім доме. Адкрыйце маё сэрца на дзеянне святых анёлаў. Яны прывядуць мяне да больш поўнай веры ў Найсвяцейшую Тройцу і распаляць любоў да Бога і Касцёла, які з’яўляецца Містычным Целам Хрыста, а таксама павялічаць маю пашану да Маці Божай і Маці Касцёла.

Зрабі так, Найсвяцейшая Маці, каб дух матэрыялізму ніколі не пасяліўся ў маім сэрцы. Дапамажы мне не паддавацца ўплыву гэтага свету. Дапамажы, каб я адкрыўся на цішыню, у якой гучыць цудоўная мелодыя незвычайнасці. Там, дзе маё сэрца, там таксама і мой скарб. Таму прамаўляй да мяне, Пане, у цішыні майго сэрца, “бо слуга Твой слухае” (1 См 3, 9).

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.