ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Першая балесная таямніца
МАЛІТВА
ЕЗУСА Ў САДЗЕ АЛІЎНЫМ
Пасля Апошняй Вячэры,
калі Езус даў апосталам Свае Цела і Кроў, іх сэрцы палалі любоўю. Яны запэўнівалі
свайго Пана, што назаўсёды застануцца Яму вернымі, нават калі б трэба было
пайсці з Ім на смерць. У
той жа час набліжалася
гадзіна цемры і выпрабавання. Езус прывёў вучняў у Аліўны Сад і сказаў: «Маліцеся,
каб не паддацца спакусе» (пар. Лк. 22, 40б). Большасць з іх пакінуў у
садзе, а з сабой забраў найбліжэйшых сяброў – тых, якія раней былі ўзмоцненыя
агляданнем Яго хвалы на гары Табор,
каб зараз не паддаліся спакусе,
суправаджаючы Яго ў духоўнай
барацьбе і смяротнай трывозе. Чакаў ад іх падтрымкі і суцяшэння, але не
знайшоў. «Сумная душа Мая аж да смерці; заставайцеся тут і маліцеся». (пар. Мц.
14, 34) – прасіў іх. Яны ж аднак былі ахопленыя жахам, бо першы раз убачылі
свайго Настаўніка, які адчуваў страх. Не маглі зразумець, як Пан усяго
стварэння можа адчуваць слабасць. Іх ахапіў
смутак і яны паснулі.
Дарма Езус тры разы вяртаўся да іх і шукаў
суцяшэння і спачування...
«Сымоне, ты спiш? не змог ты адной
гадзiны не паспаць? Не спіце i малiцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры,
а плоць немачная» (пар.
Мк. 14, 37-38).
У хвіліны найцяжэйшай барацьбы Езус быў
самотны. Узяў на сябе грахі ўсіх людзей ад пачатку свету, каб узнагародзіць за
іх Божай справядлівасці. Перамог сатану
і ўсе спакусы, каб заслужыць дзеля нас ласку перамогі. Бачыў таксама мае грахі
і ўпадкі, якія напаўнялі агідай Яго Найсвяцейшае Чалавецтва.
«Упаў на зямлю i малiўся, каб, калi
магчыма, абмiнуў Яго час гэты; i гаварыў: Абба Ойча! усё магчыма Табе; пранясi
чашу гэтую мiма Мяне, але не чаго я хачу, а чаго Ты» (Пар. Мк. 14, 35б-36).
«Перажываючы ўнутраную барацьбу,
старанней маліўся; і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю»
(Пар. Лк. 22, 44).
Чалавечая натура і чалавечая воля Езуса
змагаліся, каб стаць адным з Божай воляй. «У чалавечай волі натуры Езуса ёсць у
ім Самім увесь супраціў чалавечай волі, якая супраціўляцца Богу. Ёсць тут
супраціў нас усіх, кожнае супраціўленне Богу, і Езус у цяжкіх змаганнях узнімае натуру, якая супраціўляецца, да яе сапраўднай сутнасці. (...) Такім чынам, усе мы зараз
прысутныя ў паслухмянасці Сына і ўсе мы далучаныя да сыноўства», – пісаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.
Езус бачыў бунт людзей усіх часоў, якія
былі створаныя для таго, каб дасягнуць шчасця і дасканаласці праз еднасць сваёй
волі і волі Божай, аднак здавалася ім, што воля Божая з'яўляецца пагрозай для
іх вольнасці.
Бачыў Езус наш страх і бунт перад цярпеннем, перад тым,
што цяжкае, што патрабуе адрачэння ад сябе.
У Гефсіманіі бачыў Ён таксама мяне – мае
грахі, памылкі і тое, з чым я змагаюся зараз.
Падчас разважання над гэтай таямніцай Ён прагне даць мне ласку перамогі над
спакусамі і паслухмянасці волі Айца.
Езу, прашу Цябе, навучы мяне казаць: «Ойча!
не Мая воля, а Твая няхай будзе» (пар. Лк. 22, 44а). Сэрца Езуса, знішчанае з-за нашых
беззаконняў, зрабі мяне дзіцём Божым!
Езус дае нам сілу і прыклад, як змагацца з
пакусамі, са страхам перад цярпеннем. «Перажываючы ўнутраную барацьбу,
старанней маліўся» (пар. Лк. 22, 44а).
Тыя хто добра ведае чалавечую псіхіку, лічыць, што людзі найчасцей і найбольш
церпяць з-за старху. Мы хочам
быць моцнымі, мужнымі. Але адначасова не заўсёды можна апанаваць страх. Езус у Садзе Аліўным таксама
перажываў трывогу. Калі мы з’яднаем наш страх з Яго страхам, тады тое,
што мы перажываем, не
толькі не абцяжарыць нас віной,
але можа стаць заслугай і, дзякуючы Езусу, мы пераможам нашую натуру.
Езус, молячыся ў Садзе Аліўным, цярпеў, бачачы
мае грахі, але бачыў таксама маё
ўзнагароджванне.
Паказаў Яму іх Анёл, каб Яго потым суцешыць.
Сёння Пан пытаецца кожнага з нас: «Што ты
зробіш дзеля Мяне, каб суцешыць Мяне ў смяротным смутку? Ці знойдзеш час, каб
быць са Мной ў малітве? Ці
прымеш Маю волю? Ці захочаш ахвяраваць Мне сваё цярпенне? Ці заўважыш Мяне ў
церпячым чалавеку?
Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса сказала некалі, што была з
Езусам у Садзе Аліўным – прымала ўдзел у Яго духоўнай агоніі. Яна ведала, што ў цяжкіх
хвілінах правяраецца, ці сапраўдная наша любоў да Бога. Яна напісала ў вершы, што азначае жыць
любоўю:
Любоўю жыць гэта не азначае на зямлі
Будаваць палацы на вяршыні гары Табор.
Гэта з Езусам ісці на Кальварыю,
Гэта глядзець на Крыж як на скарб!…
Любоўю жыць гэта выціраць Тваё
Аблічча
Гэта прасіць прабачэння для грэшнікаў
O Божа Любові! Каб Яны вярнуліся да
Тваёй ласкі
І заўсёды праслаўлялі Тваё Імя….
Да майго сэрца даносяцца багахульствы.
Каб не чуць іх, я хачу заўсёды спяваць:
"Імя Тваё Святое, я ўшаноўваю
Яго і люблю Яго
Гэта значыць жыць любоўю!…"
Евангелле нічога не кажа нам пра тое, ці
Маці Божая падтрымлівала сваёй малітвай Езуса падчас цярпення ў Садзе Аліўным. У прыватных аб'яўленнях
(напрыклад, бл.
Кацярыны Эмерых) мы можам
прачытаць, што Марыя сабрала жанчын і чувала, духоўна перажываючы цярпенні
свайго Сына. Найсвяцейшая Маці была суцяшэннем для Сэрца Езуса падчас Яго мукі. Сёння Яна таксама
жадае прынесці Яму палёгку, заклікаючы сваіх дзяцей да малітвы і ўзнагароды.
Ці я слухаю Яе пасланні? Як адказваю на Яе
заклікі?
Аліўны Сад і далейшая Мука Хрыста гэта
«гадзіна цемры». Вучні, гледзячы на тое, што адбываецца, засумняваліся і
паўцякалі.
Езус прадказаў гэтыя падзеі, цытуючы прарока Захарыю: «Паражу пастыра, а авечкі
рассеюцца» (пар. Мк. 14, 27б).
Сёння таксама вораг паражае Касцёл, Айца
Святога. Для нас гэта выпрабаванне вернасці. Трэба чуваць і маліцца, каб не спалохацца і не здрадзіць.
Патрэбная вернасць ў малых рэчах, давер да Божай Міласэрнасці, каб не стаць Юдам. Набліжаецца
выпрабаванне веры, трэба да яго
падрыхтавацца. Таму Маці Божая заклікае да штодзённай малітвы на ружанцы.
Як мы прымаем Яе пасланні, настойлівыя заклікі? Ці
сёння мы ізноў не паўтараем памылкі вучняў, якія спяць? Ці чуваем на малітве і молімся, каб
распазнаваць спакусы сучаснасці і не паддавацца ім? Каб застацца вернымі Езусу
і Марыі?
О Езу, ахвяруюся Табе праз Беззаганнае і
Балеснае Сэрца Марыі, каб заўсёды быць суцяшэннем Твайго Найсвяцейшага Сэрца.
Амэн.
Малітва ў садзе
аліўным
Разважаем сёння над таямніцай Аліўнага Саду. Ці мы
ведаем, чаму з Езуса ішоў крывавы пот? Не ад страху перад пакутай. Ён ужо тады пакутваў!
Плакаў, ведаючы, што Яго ахвяра не будзе выкарыстана чалавецтвам. Не будзе
прынята, як збаўчы дар, будзе паміраць у чалавеку, не прынясе поўных плёнаў.
Можна было б засумнявацца ў сэнсе такой ахвяры, праўда? Хіба ж толькі, калі
цалкам, бязмежна давяраць Богу… Як Хрыстос…
Гэтае цярпенне ў Аліўным Садзе было звязана таксама з
намі. Але яно ўжо не абавязкова павінна датычыцца нас. Трэба толькі распачаць
жыць так, як прагне гэтага Бог. Мы павінны прыняць ласкі, якія Ён нам дае.
Карміць імі сябе. Несці іх іншым, гаварыць людзям пра Марыю, бо гэтага сёння
хоча Бог. Сёння ласкі сплываюць з Яе Беззаганнага Сэрца.
Такім чынам мы суцешым Езуса, які пакутуе ў Аліўным Садзе.
Бічаванне
Ці ведаем мы, што такое фізічны боль? Напэўна неаднойчы
быў ён нашым удзелам. Але адкажам сёння на пытанне: што мы рабілі з гэтым
цярпеннем? Ці мы ўмелі ахвяроўваць яго Богу за тых, каму пагражае цярпенне,
якое выходзіць за ўсе рамкі чалавечага ўяўлення? Мы толькі ведаем, што яно
вялікае і вечнае. Гэта цярпенне быць асуджаным.
Ці мы ўжо здольныя думаць не толькі пра сабе і свой боль, але таксама (а нават перш за ўсё!) пра цярпенні іншых людзей? Мы станемся вельмі падобнымі да Найсвяцейшай Маці, калі адкрыемся на Бога не толькі ў хвілінах узнясення і цудоўных духоўных досведаў, але таксама ў гадзіну цярпення, прыніжэння, пакінутасці, тады, калі прайграем жыццё! Ад цярпення і болю мы не ўцячэм, тады, што зрабіць з ім? Выкарыстаем іх на шляху да святасці і для выратавання бедных грэшнікаў.
Укаранаванне цернем
Хто для нас з’яўляецца каралём? Напэўна, кароль
з’яўляецца сімвалам найвышэйшай улады і годнасці, якую можа дасягнуць чалавек.
Магчыма для нас гэтае слова мае негатыўнае адценне? Больш таго, гэта паняцце,
якое адносіцца да гісторыі… Бо сучасныя каралі – гэта “багатыя марыянеткі”
палітычных эліт некаторых краін…
Паспрабуем адказаць сабе на гэтыя пытанні, а пасля
задумаемся, ці нашае ўяўленне пра караля падыходзяць да Езуса – Караля. Не? Ці
ведаем чаму? Але ж Езус з’яўляецца Каралём: Ён сам сведчыў пра гэтам, так
таксама называлі Яго тыя, хто ўсклаў на Яго галаву цярнёвую карону. Сапраўды,
наш Збавіцель з’яўляецца Каралём, але, як Ён сам казаў, Яго валадарства не з
гэтага свету.
І мы ўжо ведаем, дзе нашае месца: не ў гэтым свеце, сярод людзей, бегаючых за грашамі, папулярнасцю і ўладай, але ў свеце Езуса! Бо мы з’яўляемся хрысціянамі, інакш кажучы, людзьмі Хрыста.
Крыжовая дарога
Столькі Божых думак стукаецца ў гэтай таямніцы да нашых
сэрцаў. Сёння мы глядзім на сцэну ў якой Езус бярэ на свае плечы крыж. Ён
прыняў крыж, ведаючы, што Яго місія хутка здзейсніцца. Цяпер усе будуць мець
магчымасць удзельнічаць у вечнай радасці. Няхай і намі авалодае прагненне, каб
нішто з гэтай ахвяры не было дарэмным. Бог хоча, каб кожная душа была з Ім у
нябесным доме.
Молімя разам з Марыяй, каб Бог змякчыў душу кожнага чалавека і абудзіў у ім прагненне вярнуцца да дабра. Будзем вучыцца ўдзельнічаць у прагненні Езуса заваёўваць душы для Неба. Тое, каб душы нашых братоў і сясцёр не былі асуджаныя, з’яўляецца мэтай нашага жыцця. Будзем жа несці наш крыж так ахвотна, як Езус. Ахвяруйма Яму нашую хваробу, цярпенне, клопаты, няўпэўненасць, каб такім чынам выпрошваць для грэшнікаў ласку збаўлення.
Смерць на крыжы
Езус памірае на крыжы. Ці мы ведаем пра тое, што Ён памірае
за нас? У Бога няма абстракцый. Калі Збаўца памірае ў пакутах, перад вачыма
паўстаюць сцэны канкрэтнага жыцця чалавека, канкрэтныя асобы, а боль, які Яго
прасяквае, з’яўляецца болем, які прычыняюць канкрэтныя грахі. Паміраючы, Ён
глядзіць на нашае жыццё.
Падумаем, колькі Ён павінен цярпець па прычыне нашых
жыццёвых выбараў, рашэнняў, якія мы прымаем. Задумаемся, колькі сёння існуе ў
нашых сэрцах зла: нежадання кагосьці, можа нават нянавісці, колькі пагарды,
колькі эгаізму, колькі думак пра справы гэтага свету. Спавядаемся, шкадуем, але
пэўныя структуры зла далей жывуць у нас. А можа нават у нас пастаянна жыве
нейкі грэх? Паспрабуем паглядзець на сябе вачыма паміраючага Хрыста. Падумаем,
колькі Ён бачыць у нас прычын, каб узяць на сябе крыжовую Пакуту.
Падрыхтавана на падставе
матэрыялаў Вялікай Фацімскай Навэнны,
Sekretariat Fatimski 2009-2017.