Шосты дзень: раўнавага

 Шосты дзень і шостая інтэнцыя: духоўная раўнавага.

  Беззаганная Маці Божая, зачатая без плямы першароднай правіны, ніколі не кранутая нават найменшай змазай граху! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў шосты дзень маёй навэнны, каб маліцца аб цноце духоўнай раўнавагі.

О Дзявочая Маці без змазы, Маці Бога і мая Маці, выпрасі для мяне цноту духоўнай раўнавагі, якая з’яўляецца падставай адкрытасці, шчырасці, супакою і святасці. Няхай у маіх думках, учынках і словах ніколі не будзе двусэнсоўнасці і двудушнасці.

Беззаганнае Сэрца Марыі! Выпрасі мне ў Бога ласку духоўнай раўнавагі ва ўнутраным жыцці, каб я наследаваў Тваё ўпарадкаванае ўнутранае жыццё, якое Ты вяла ў дасканалай святасці, калі жыла тут, на зямлі. Дапамажы мне ўзрастаць у святасці на сцежках узважанай духоўнасці, так, каб мая воля тут, на зямлі, была цалкам згоднай з воляй Божай, якой кіруецца Божае валадарства, у якім Ты як Маці і Каралева пануеш разам з Езусам – Тваім Сынам, і маім Валадаром, Панам і Братам.

Дапамажы, каб я пазбягаў крайнасцяў, як Ты, Марыя, Маці Божага Сына, Дачка Бога Айца, Абранніца Духа Святога. Ты была падпарадкаваная свайму сужонку, святому Юзафу, Ты падпарадкоўвалася таксама Божаму закону. Дапамажы мне, каб я ніколі не спрабаваў быць больш каталіцкі, чым Касцёл, але таксама менш каталіцкі, чым ёсць св. Касцёл, заснаваны Хрыстом.

Дапамажы, каб я ніколі не быў ані “ліберальным”, ані “кансерватыўным”, але каб я імкнуўся быць супольнікам Хрыстовага Касцёла, які прагне наследаваць жыццё Езуса і паступаць згодна з верай і маральнасцю – у духоўнай раўнавазе і без кампрамісаў. Няхай ніколі не будзе нязгоды паміж тым, у што я веру, і тым, што раблю. Каб я ніколі не жадаў ад іншых таго, што сам занядбоўваю. Каб я ніколі не маніпуляваў хрысціянскімі прынцыпамі праз тонкія адрозненні. Няхай мая мова будзе “так”, калі азначае “так”, і “не”, калі я кажу “не” (пар. Мц 5, 37).

Праз сваё магутнае заступніцтва выпрасі мне, о святая Пасрэдніца ўсялякіх ласкаў, патрэбную раўнавагу духа. Дапамажы, каб я жыў ва ўбогасці, чыстасці і паслухмянасці – згодна са станам, да якога мяне паклікаў Бог. Такім чынам будуць марнымі ўсе хітрасці злога духа, які стараецца, каб я паддаўся духу гэтага свету, слабасці цела і пыхлівасці жыцця.

Каралева анёлаў, Прычына нашай радасці, Маці міласэрнасці! Пашлі святых анёлаў Божых і зрабі так, каб я адкрыўся на дзеянне нябесных пасланнікаў, якія могуць упарадкаваць маё жыццё. Амэн.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.