Дзевяты дзень: наследаванне Марыі

 Дзевяты дзень і дзевятая інтэнцыя: наследаванне Марыі.

 Беззаганная Маці Божая і мая Маці! Вось я, Тваё дзіця, якое Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе ў апошні дзень маёй навэнны, каб маліцца аб ласцы наследаваць Цябе. Я хачу наследаваць Цябе ў Тваім жыцці веры, надзеі і любові, у пакоры і чыстасці, ва ўсіх хрысціянскіх цнотах, якія Ты асягнула ва ўсёй поўні. Ты была створаная як “поўная ласкі” і кожнага дня яшчэ больш узрастала ў гэтай ласцы.

У хвіліну звеставання Ты сказала анёлу Габрыэлю: “Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Твая сваячка Альжбета, напоўненая Духам Святым сказала Табе такія словы: “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 43-45).

Твой Боскі Сын праслаўляў Цябе, адказваючы жанчыне з натоўпу: “Шчаслівыя тыя, якія слухаюць слова Божае і захоўваюць яго” (Лк 11, 28). Такім чынам Езус паставіў Тваю веру і любоў нават вышэй за годнасць Твайго мацярынства.

Менавіта на Тваёй дасканалай веры абапіраецца Тваё Божае мацярынства. Яна таксама з’яўляецца для мяне недасяжным узорам. Ты адказала любоўю на любоў Бога, які ахінуў Цябе сваім Духам. Ты дасканала жыла блаславенствамі і стала для ўсяго Касцёла Маці і ўзорам. Твой Сын, Езус Хрыстус, а наш Пан, паклікаў кожнага з нас наследаваць Цябе ў веры і любові. Ён сказаў: “Хто маці Мая і браты Мае? Вось Маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці” (Мк 3, 33-35).

Пра Цябе, Маці міласэрнасці, кажа Твая песня Магніфікат: “Узглянуў Бог на пакору сваёй слугі” (Лк 1, 48). Пра Цябе пісаў св. Лука як пра першую вучаніцу Езуса, якая дасканала захоўвае слова Божае (Лк 1, 38). Ты стаяла ў вытоках Евангелля, Ты была таксама пры нараджэнні Касцёла (Дз 1, 14). Для Касцёла, які нараджаўся, Ты была прыкладам дасканалай малітвы: “Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі” (Дз 1, 14).

Марыя, узор усіх пакліканняў – самотных сужонкаў, бацькоў і ўдоваў, манахаў і духоўных асобаў – Ты, дзякуючы поўні сваіх цнотаў і дасканаламу жыццю блаславенствамі, з’яўляешся для ўсіх пакаленняў натхненнем для вернага наследавання Езуса. Таму Касцёл не перастае называць Цябе “блаславёнай”.

На вяселлі ў Кане Галілейскай, будучы “Дачкой Сыёну” і ўвасабляючы Касцёл, Ты стаяла як Нявеста побач с месіянскім Жаніхом. На Кальварыі, як новая Ева, Ты прадстаўляла Касцёл, новага Ізраэля, і сталася Маці нас усіх. Яшчэ сёння мы чуем Твае словы: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа” (Ян 2, 5). Мы чуем таксама словы Езуса, сказаныя на Крыжы ў гадзіну адкуплення: “Жанчына, вось сын Твой… вось Маці твая” (Ян 19, 27).

Я бачу Цябе, Марыя, ў Дзеях Апосталаў (Дз 2), як Ты трываеш на малітве ў Святліцы, просячы для Касцёла Духа Святога. Дзевяць дзён ты вучыла Апосталаў, як ім трэба маліцца. Пётр, першы папа, і іншыя вучні Езуса, сабраныя вакол Цябе і прыцягнутыя Тваім Беззаганным Сэрцам, наследавалі Тваю веру, надзею і любоў, якую Ты мела падчас малітвы, калі чакала здзяйснення абяцання Пана. Вось і я, Тваё дзіця, якога Ты любіш Сваім Беззаганным Сэрцам, прыходжу да Цябе, каб разам з Табой трываць у малітве, просячы аб паноўным спасланні Духа на Касцёл. У духу даверу я даручаю Табе таксама мае інтэнцыі, у якіх я маліўся гэтую навэнну. (Тут можна прадставіць Маці Божай свае просьбы.) Амэн.

 

Малітва.

О Марыя без граху першароднага зачатая.

Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

 

Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі праз магутнае заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, Тваёй умілаванай Абранніцы.

 

Святыя Пётр і Павел, маліцеся за нас.

Святы Ян Апостал, маліся за нас.

Святы Лука Евангеліст, маліся за нас.

Святы Людвік дэ Манфор, маліся за нас.

Святы Максіміліян Марыя Кольбэ, маліся за нас.

Мае святыя Апекуны, маліцеся за нас.

 

Акт даверу да
Беззаганнага Сэрца Марыі

 

Прыбягаю да Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя, мая нябесная Маці, каб схавацца ў ім як у дзівосным садзе, поўным прыгажосці і слодычы. Ты з’яўляешся Нявестай Святога Духа, умілаванай Дачкой Бога Айца і Маці Сына, у сваім выключным з’яднанні з Найсвяцейшай Тройцай Ты з’яўляешся Пасрэдніцай усялякіх ласкаў, якія мы атрымліваем з нябеснага трону, і якія сплываюць з Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына.

Любоў Твайго Беззаганнага Сэрца, якая праяўляецца ў Тваім пяшчотным матчыным клопаце, дазваляе мне скласці ў Табе ўсю маю надзею і давер. Найсвяцейшая Маці, давяраю Табе! Тваё заступніцтва, з’яднанае з пасрэдніцтвам Найсвяцейшага Сэрца Езуса, можа спаталіць кожнае прагненне душы і цела на гэтай зямлі і прывесці мяне да пажаданага дому ў небе, да сустрэчы з Табой у вечнасці, дзе Ты прадставіш мяне Твайму Боскаму Сыну і Блаславёнай Тройцы.

Маці мая, Давер мой, будзь маёй Заступніцай і выпрасі мне ласкі, аб якіх я прашу, а таксама тыя ласкі, пра якія я не ведаю, што яны мне патрэбныя. Дазволь мне заўсёды трываць у еднасці з Тваім Сынам, са Святым Духам, які жыве ў маёй душы, і з нябесным Айцом. Гэта забяспечыць мне дапамогу ў кожнай патрэбе, таму што Боскія Асобы бачаць у Табе, о Марыя, Маці гэтага сына (гэтай дачкі), які(ая) жыве яшчэ на зямлі. Амэн.